Выставки

Крок у змрок

3 - 13 апреля 2013

Галерея искусства «Гал-творчество»

Минск, пр-т Независимости, 47

Справки:  +375 17 288 24 68.

Билеты:  6000 руб.

Время работы:  вт-сб, 11:00-19:00.

Крок у змрок

Уладзімір Лапо – творчая асоба, чыя мастацкая дзейнасць выходзіць за рамкі агульнапрынятых стыляў і кірункаў. Мастак, графік, скульптар, стваральнік інсталяцый, літаратар у адной асобе, ён увасабляе сабой кропку дотыку дэструктыўнага і творчага працэсаў, рэальнасці і выдумкі, мастацкай і аб’ектыўнай рэчаіснасці.  

Як прадстаўнік маргінальнай культуры, Уладзімір Лапо знаходзіцца на памежжы асяроддзяў, груп, сістэм, адчувае ўплыў іх супярэчных адзін аднаму нормаў і каштоўнасцяў, пры гэтым канструюе асабістую рэальнасць, крайнюю індывідуальнасць, што знаходзіць праяву ў ладзе жыцця, формах самавыяўлення, у метадах творчай дзейнасці.   

 Адным з першых паняцце маргінальнасці ўвёў амерыканскі сацыёлаг Роберт Парк, ужыўшы яго ў сваім эсэ «Чалавечая міграцыя і маргінальны чалавек» у адносінах да асяроддзя імігрантаў. Паводле Парка, «такі чалавек няўхільна робіцца (у параўнанні з яго непасрэдным культурным асяроддзем) індывідам з больш шырокім гарызонтам, больш вытанчаным інтэлектам, больш незалежнымі поглядамі». Такое разуменне маргінальнай асобы ў поўнай меры можна аднесці да аўтара праекта Уладзіміра Лапо - грамадзяніна Брытаніі, вандроўцы і касмапаліту. 

Выставачны праект «Крок у змрок» прэзентуе творы графікі розных гадоў і скульптуру, выкананую ў тэхналогіі direct cast - прамога ліцця. Выкарыстоўваючы дадзены метад ліцця, аўтар адмаўляецца ад мадэлявання, папярэдняга стварэння працоўнай копіі на карысць рэальнага аб’екта. Такім чынам, ён спыняе інтэрферэнцыі, абірае канцэпцыю неўмяшальніцтва, уводзіць элемент выпадковасці ў працэс стварэння твора. Аўтар здзяйсняе толькі выбар, з прычыны якого аб’ект вызначаецца і рэпрэзентуецца амаль такім, як ён ёсць. Пры гэтым у скульптуры Лапо няма месца натуралістычнасці выявы, на першы план выходзіць эксперымент, вызначаецца эмацыйны напал працэсу стварэння і ўспрымання.

Тэхналогія прамога ліцця была вядома ў Сярэднявеччы, у пэўным сэнсе «змрочным часе», што абгрунтоўвае назву праекта. Але аўтар не робіць акцэнт на названым гістарычным перыядзе, калі і звяртаецца да катэгорыі часу, то ў зусім іншым аспекце.

Наталля Паторская,
куратар выстаўкі,
навуковы супрацоўнік аддзела выставак 
Музея сучаснага выяўленчага мастацтва