27 лістапада 2015 года а 17-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы Мікалая Рыгоравіча Залознага (1925–1982) “Колер жыцця”, прымеркаванай да 90-годдзя з дня нараджэння. Экспазіцыйную прастору складзе каля 30 жывапісных твораў са збору музея, з калекцыі Беларускага саюза мастакоў, прыватнай калекцыі і сям’і майстра. Дапоўняць экспазіцыю каля 30 фотаздымкаў з сямейнага архіва. Экспанаванне выставы пройдзе з 28 лістапада 2015 года па 11 студзеня 2016 года.
Віктар Марціновіч быў вельмі ўражаны творамі мастака і напісаў такі тэкст:
«Дык вось, калі ты ўжо ўпэўніўся, што бяздарна змарнаваў гадзіну часу і 50 тысяч рублёў, вока выххоплівае нешта настолькі ж марсіянскае ў параўнанні з мардасценькімі беларускімі савецкімі функцыянерыкамі, якімі стракаціць прастора вакол, настолькі ж незвычайнае, як творы Драздовіча пасярод нацюрмортаў Хруцкага. Ці як аўтэнтык са сланечнікамі Ван Гога пасярод сувенірных цішотак з тымі самымі сланечнікамі.
Палатно на сценцы літаральна палае колерам, ты не можаш паверыць, што гэта напісана тымі самымі алейнымі фарбамі савецкай вытворчасці, што і астатнія карціны навокал. Гэта як каляровы выбух. Гэта як партал у іншы сусвет, дзе ўсе колеры ярчэйшыя і сапраўднейшыя за нашыя. Ты падыходзіш бліжэй, і валасы на галаве прыўздымаюцца. Таму што гэта немагчыма. Гэтага проста не можа быць сярод беларускага савецкага – даволі памяркоўнага і па сюжэтах, і па, скажам так, напружанасці таленту, – жывапісу.
На сценцы вісіць нешта роўнае ўжо згаданаму Ван Гогу. Па каларыстыцы – сумесь вар’яцтва Шагала і інфантылізму Матыса. Па сюжэце… Я проста не веру, што нехта мог стварыць такое ў БССР. Настолькі моцнае і настолькі незразумелае.
Пасярод поля макаў сядзіць дзяўчына. Яна закрыла твар рукамі. Яна плача. У яе паставе столькі суму, што перакручвае і цябе, збівае з дыхання, вымушае закусіць губу і задумацца аб сваім, аб тым, што можа турбаваць з глыбінь сэрца. Гэтак жа трагічна, як «Крык» Мунка, але асноўны настрой тут – такі беларускі, такі вычарпальна беларускі… Туга, невытлумачальная туга, чорнае і барвовае, прыцемкі і чырвань…»