Фесты

Камяніца

5 сентября 2015

Даведкі: тут.

Квіткі:  100 000 руб., школьнікі да 12 год – 50 000 руб. Дашкольнікі, наведвальнікі ў поўным нацыянальным строі – бясплатна. 

Камяніца

5 верасня пад Мінскам пры падтрымцы ААТ "Банк БелВЭБ" адбудзецца сёмы фолк-фестываль "Камяніца". Гэта свята для ўсіх, каго цікавяць беларускія народныя традыцыі і іх сучасны працяг.

Фолк-фестываль "Камяніца" адбываецца на маляўнічай тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо, 4 км ад МКАД) з 2009 года. Грошы ад мерапрыемства дапамагаюць музею падтрымліваць найвялікшую ў Беларусі калекцыю вясковай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.

Аснову музычнай праграмы, як і ў мінулыя гады, складуць лепшыя беларускія фолк-калектывы. Гледачоў "Камяніцы 2015" парадуюць "Стары Ольса", "Альтанка", гамельчукі "Ягорава гара", а таксама гурт Vuraj, чый дыск "Раёк" сёлета перамог у намінацыі "Лепшы фолк-альбом" на музычных узнагародах Experty.by. Адным з заключных акордаў фестывалю гэтага года стане выступ легендарнага гурта Znich, які грае фолк-метал.

Традыцыйна прадстаўнічым будзе склад замежных гасцей. Упершыню на "Камяніцы" выступіць прадстаўнік Эстоніі – за паўтары гады існавання фолк-гурт Trad Attack! ужо стаў сенсацыяй на радзіме, а таксама зачараваў гледачоў у дзясятку іншых краін, у тым ліку Нямеччыне, Малайзіі, ЗША. Польшчу будзе прадстаўляць калектыў Dzikie Jablka, уладальнік гран-пры прэстыжнага фестывалю Mikolajki Folkowe, які спалучае народны матэрыял з афрыканскімі рытмамі. Украіну – гарачыя фолк-рокеры "Дримба Да Дзига".

Істотным складнікам "Камяніцы 2015" таксама будзе вялікі кірмаш нацыянальнай культуры з народнымі рамёствамі, танцамі, гульнямі і выставамі. Акрамя гэтага на фестывалі будзе працаваць другая сцэна, дзе будуць выступаць студэнцкія і аматарскія фолк-калектывы, а гледачы змогуць без дадатковай платы паглядзець усю экспазіцыю Музея народнай архітэктуры і побыту.

Час правядзення фестывалю – з 12.00 да 22.00. Інфалінія: +375 44 517 08 12.