Калодзеж-партал (0+)
11 марта 2020 - 12 апреля 2020
11 сакавіка а 17-й гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё выстаўкі жывапісу і графікі «Калодзеж-партал» вядомага беларускага мастака Віктара Мікіты. Выстаўка прымеркавана да 65-годдзя аўтара.
Юбілейная выстаўка Віктара Мікіты «Калодзеж-партал» – гэта запрашэнне перанесціся ў свет знакавых гiстарычных старонак нашага жыцця, аўтарскага погляду на рэчы і падзеі. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў творах розных жанраў кніжнай і станковай графікі, жывапісу, камбінаванай тэхнікі.
У экспазіцыі прадстаўлена каля 70 работ розных этапаў творчага станаўлення мастака, адметных сваёй метафарычнасцю, сімволіка-алегарычнымі матывамі, асацыятыўнасцю.
Віктар Мікіта працаваў над афармленнем кніг беларускіх і замежных аўтараў. Сярод прадстаўленых на выстаўцы работ – ілюстрацыі да кнігі А. Лойкі «Скарына на Градчанах»; кнігі вершаваных казак А. Грачаннікава «Палескія легенды», «Жывая вада»; кніга беларускіх прымавак і прыказак «Мудрыя дарадцы»; кніга казак У. Караткевіча «Чортаў скарб»; беларускія народныя казкі; афармленне санетаў і трагедый Шэкспіра; афармленне да кнігі Э. Ратэрдамскага «Пахвала глупству»; серыя кніг французскіх народных казак.
У жывапісу працуе ў жанры нацюрморта, гістарычнага краявіду, кампазіцыі. Матэрыял для твораў збіраецца ў паездках на пленэрах па гістарычных мясцінах Беларусі, звязаных з творчасцю і жыццём знакамітых людзей. Гэта, напрыклад, пленэр на Віцебшчыне, прысвечаны 130-годдзю Я. Драздовіча, пленэр у Залессі, прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння М. Агінскага.
Мастак працуе таксама ў вынаходніцкай аўтарскай камбінаванай тэхніцы, што спалучае прыёмы скульптуры (рэльефнасць паверхні), графікі (абмежаванасць колераў) і жывапісу. Гэты напрамак прадстаўлены такімі творамі як «Насарог», «Квітнеючы бацькаў кошык», «Умоўная дуэль», «Мапа ВКЛ у XV ст.», «Рукою Бога», «Эшафот–«Узвышэнне», «Кніга жыцця».
На выстаўцы можна ўбачыць шэраг новых работ мастака, якія прэзентуюцца ўпершыню. Гэта серыя «Сэцэсійныя рытмы А. Гаудзі», творы «The day is over», «Нацюрморт з зялёнай лямпай», «Якое адыходзiць...», «Млын Ф. Жылкi», «Уварванне звышгукавага монстра ў прастору шэрага ранкa», «Мiльён малiтваў», «Нацюрморт з рыбамi», «Усё побач» і іншыя.
Віктар Мікіта нарадзіўся 25 красавіка 1955 г. у Гродна. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка (1973) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1979). Вучыўся ў П.У. і В.М. Свентахоўскіх, А.К. Шэверава, В.П. Шаранговіча. Член Беларускага саюза мастакоў з 1981 г.
У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1976 г. Творы экспанаваліся на выставах беларускай графікі ў Грэцыі, Францыі, Эфіопіі, Польшчы, Балгарыі, Расіі, Украіне. Мае дыпломы ўсесаюзных, рэспубліканскіх конкурсаў кніжнай графікі. Педагагічнай дзейнасцю займаўся на кафедры графiкi ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 2008 па 2015 гады выкладаў у Iнстытуце сучасных ведаў iмя А.М. Шырокава.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, літаратурных музеях Я. Коласа, Я. Купалы, А. Міцкевіча, у Расійскай акадэміі мастацтваў, а таксама ў прыватных калекцыях у Германіі, Швейцарыі, Кітаі, Фінляндыі, Эстоніі, Расіі.
Выстаўка працуе: серада – нядзеля, 11:00 – 19:00.