Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь
Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў
лаўрэаты міжнародных конкурсаў
Слава Мароз скрыпка Расія
Даша Мароз фартэпіяна Беларусь
ХVІІІ ст. Ё.Гайдн Канцэрт для скрыпкі і клавіра з аркестрам
ХІХ ст. П.І.Чайкоўскі "Поры года"
ХХст. А. Шнітке Саната № 1 для скрыпкі з аркестрам
ХХІст. Л. Сімаковіч "Сярод зімы абрыс Шапэна" для клавесіна, фартэпіяна і струннага аркестра
Некалі Моцарт сказаў: "Я жыву ў краіне, дзе музыка мае мала поспеху..."
Сучасны кампазітар з сусветнай вядомасцю Радзівон Шчадрын, ўсведамляючы, што значыць выкананне новага твора ў сучасных умовах, мяркуе: "Твор можна лічыць завершаным толькі пры ўмове яго выканання".
Беларуская айчынная сітуацыя ў гэтым сэнсе — клініка, гамон. Казачным чараўніцтвам і выхадам за межы нормы выглядае любое(!) выкананне любога(!) твора беларускага кампазітара.
Статус айчыннага нацыянальнага кампазітара балансуе на мяжы двухсэнсоўнасці і парадокса, як у анекдоце Артэга-і-Гасэта: "Зайшоў гарбун у бібліятэку і папрасіў слоўнік. "Вам які?"— запытаўся бібліятэкар."Мне ўсё роўна, — адказвае гарбун, — мне трэба сядзець на ім."
Выкарыстанне духоўных каштоўнасцяў нацыі даўно стала нацыянальнай ідэяй у "суседніх біблятэках".У беларусаў патэнцыял духоўнай субстанцыі неверагодна вялікі і магутны. Пераважна большы за спартыўны, улічваючы тутэйшы архетып з ярка выяўленай індывідуальнасцю, часам не здольную да кансалідацыі і рамантычную, наіўную душу паэта-песняра.
Але — 12 чэрвеня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі беларускае дзіва адбудзецца. Прагучыць твор беларускага кампазітара Ларысы Сімаковіч для клавесіна, фартэпіяна і струннага аркестра "Сярод зімы абрыс Шапэна" ў выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова і таленавітай беларускай піяністкі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Дашы Мароз.
Ён прагучыць не ўпершыню. Яго прэм'ера адбылася ў падчас адзначэння 200-годдзя Фрыдэрыка Шапэна, але прысвечаны твор дырыжору аркестра Яўгену Бушкову —музыканту, здольнаму з абвостранай адказнасцю першаадкрывальніка інтэрпрэтаваць і трансліраваць у прастору Сусвету невядомую музыку.
"Я не быў чарадзеем ні на адным інструменце, але ведаў магічнасць і ўздзеянне кожнага з іх..." —прызнаваўся Ёзэф Гайдн. А Моцарт так пісаў пра кампазітара: "Нікто не здольны рабіць усё: жартаваць і ўражваць, выклікаць смех і кранаць да глыбіні, і ўсё аднолькава добра, як гэта здольны рабіць Гайдн!.."
Двайны Канцэрт F-dur для скрыпкі, фартэпіяна і струннага аркестра Ёзэфа Гайдна належыць да катэгорыі твораў, якія рэдка выконваюцца. Іх эксклюзіўнае з'яўленне ў рэпертуарных афішах выклікае завостраны інтарэс знаўцаў і аматараў сапраўдных музычных каштоўнасцяў. Канцэрт напісаны маладым 17-гадовым Гайднам з нагоды сыходу ягонай сваячкі ў манастыр. Гайдн умеў "развітвацца" высакародна...
Твор, які нават пры жыцці Гайдна быў выкананы ледзьве не аднойчы і выдадзены толькі ў 1937 годзе, прагучыць у завяршальнай канцэртны сезон праграме Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі 12 чэрвеня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі. Салісты — Святаслаў Мароз (скрыпка, Расія) і Даша Мароз (фартэпіяна, Беларусь). Дырыжор — заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў.
"...Саната з'явілася для мяне нібы сустрэчай з дзвюма вялікімі з'явамі..."
Музыка Альфрэда Шнітке сёння неверагодна папулярна.
Няма ніводнага твору кампазітара, які б сёння не быў бы выкананы. Фестывалі, прысвечаныя ягонай музыцы праходзяць у Стакгольме, Турыне, Лондане...
Завяршаючы 45-ы творчы сезон, Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова ў праграму канцэрта 12 чэрвеня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі змяшчае твор Альфрэда Шнітке: "Саната з'явілася для мяне нібы сустрэчай з дзвюма вялікімі з'явамі, якія існавалі некалькі дзесяцігоддзяў— з музыкай Шастаковіча і Новай венскай школай: з творамі Шонберга, Берга, і Веберна — вось гэта "кола" стварыла Санату."
Саната для скрыпкі і струннага аркестра прагучыць у выкананні аркестра і расійскага скрыпача Святаслава Мароза. Дырыжор — Яўген Бушкоў.