Выставки

I wanna be a contemporary artist

15 - 27 апреля 2014

Галерея «Ў»

Минск, ул. Октябрьская, 19

Справки: тут.

Вход: свободный.

I wanna be a contemporary artist

Сучаснасць прапануе аўтару жорсткія ўмовы. Ад колькасці магчымасцяў, варыянтаў і спосабаў, каб адбыцца тут і цяпер, захоплівае дух: дастаткова прыняць пэўныя правілы – і ты ў гульні. Шлях сучаснага аўтара падобны да экстрымальнага highway. Дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяцы складаюцца ў гады, і пачынае падавацца, што мэта – стаць сучаснікам – амаль дасягнутая. Почырк становіцца больш роўным і ўніверсальным, а выбар сродкаў- прадказальным і вядомым.Але дзе праходзіць тая мяжа, калі ,трапляючы ў поле contemporary, ты ўсё ж застаешся менавіта сабой? Як не страціць чуласці, не стаць копіяй? Не распусціцца ў тысячнай, ананімнай, амаль бястварнай арміі сучасных творцаў?

Фотадзённік Аляксандра Веледзімовіча “I wanna be contemporary artist” расказвае гісторыю аднаго такога падарожжа. Кожная выява, як і павінна быць у дзённіку, занадта інтымная. Адбіткі часу, непрадказальнасць лёсу, аскепкі прадметнага свету, якія выбудоўваюць пэўную (бес)прадметную сістэму каардынат, асабістую для кожнага. Але ад самага першага фотаздымка не пакідае ўражанне, што ўладальнік дзённіку быццам ведаў: настане дзень і гэтыя інтымнасць і асабістасць будуць выстаўленыя на агляд.

У прасторы фотакартак прысутнічаюць двое: аўтар і глядач. Ад асабістага перажывання моманту, як дзейнага персанажа, фатограф адначасова становіцца ў пазіцыю назіральніка менавіта з пункту гледжання знешняга гледача, які аднойчы павінен убачыць гэтыя здымкі. З гэтай пазіцыі і адбываецца фінальная рэдактура зместу і формы. І, нарэшце, фіксацыя. Мэта такой падвоенасці якраз і заключаная ў тым, каб пазбегнуць масавасці, захаваць сваю аўру. Ад самага пачатку свядома пазбаўляцца штампаў, стэрэатыпаў, прадказальнасці. Але, падаецца, што параза, якую прадказваў Бэн’ямін у першай палове мінулага стагоддзя, сёння прыняла іншую форму: татальнага панавання індывідуальнага, якое і становіцца масавым трэндам.Сучаснасць не проста прапануе, яна патрабуе ад кожнага быць унікальным, што ў рэшце рэшт і становіцца “копіяй”.

Менавіта да такой высновы і прыходзіць напрыканцы свайго падарожжа Аляксандр Веледзімовіч. Пераглядаючы свой дзённік, шукаючы сябе ў стосах гэтых картак, ён раптам выяўляе, што ўвесь гэты час замест artist, які стварае сваю непаўторную асабістую прастору, гульцом тут быў усяго толькі actor ў тэатры сучаснасці, які ад самага пачатку паслухмяна выконваў зададзеную яму ролю.

***

Мы гуляем у прафесію, у сацыяльны статус, гендар, у спажыўцоў і актывістаў. Мы гуляем нават у саміх сябе. І выйсця з гэтага кола нібыта няма. Але ў момант перакрэслівання сябе як індывідуальнасці, прызнання сваёй “аўры” часткаю глабальнай “копіі”, падаецца, і адбываецца нараджэнне асобы. А магчыма, так на нашых вачах фармуюцца правілы ўжо новай гульні, у якой “я” адбудзецца ў той момант, калі яно сябе перакрэсліць.

Таня Арцімовіч

Аб аўтары                                                                                                                 

2008 – калектыўная выстава «Wonderland», Mінск, Беларусь

2008 – фіналіст конкурсу «Мінскія фатаграфіі: Гараджане»

2009 – 3-е месца конкурсу «Мінскія фатаграфіі: Прыватнае жыццё»

2009 – персанальная выстава «Ціхі горад», Віцебск, Беларусь

2011 – калектыўная выстава «Alacroiseedescheminsartistiques», Парыж, Францыя

2012 - калектыўная выстава «Exorientelux», Берлін, Нямеччына

2012 – фіналіст конкурсу PhotoVisa«TheFace», Краснадар, Расія

2012 – 3-е месца на VIТашкентскай міжнароднай фотабіенале ў намінацыі «Лепшая фатаграфія пра сям`ю»

 

2013 – 2-е месца FotoFilmic'13, Ванкувер, Канада