Работы художников, связавших свое творчество с реставрацией (0+)
8 июня 2021 - 4 июля 2021
СПРАВКИ: здесь
ВХОД: для взрослых – 8 руб.; для студентов – 6 руб.; для школьников – 4 руб.; для пенсионеров – 6 руб.
8 чэрвеня ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылося адкрыццё выставы “Зандажы і міражы рэстаўрацыі”, якая стала першым творчым праектам фестываля манументальнага мастацтва “Манумент” Беларускага саюза мастакоў. У экспазіцыі прадстаўлена творчасць мастакоў творчага аб’яднання “Bastalija”, якія яшчэ ў студэнцкія гады, захапіўшыся ідэямі і асобай свайго настаўніка Алега Хадыкі, звязалі свой творчы лёс з Рэстаўрацыяй.
Мастак-жывапісец, скульптар, мастак-манументаліст, тэатральны дэкаратар, архітэктар – вось няпоўны спіс прафесійных майстроў, якія аб’яднаны далучэннем да прафесіі РЭСТАЎРАТАР. Аднак рэстаўрацыя для сябраў суполкі “Bastalija” – гэта не прафесійнае абмежаванне дзейнасці. Не можа існаваць сам па сабе аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны без гісторыі, а спадчына складаецца з усяго культурнага набытку розных галін творчасці цэлых пакаленняў яго стваральнікаў.
Сам працэс рэстаўрацыі аб’ектаў спалучае два складнікі: “Зандажы” і “Міражы”. Гэта словазлучэнне выпрацавана на працягу шматгадовай працы і з’яўляецца асноўным правілам творчага падыходу да кожнага аб’екта даследаванняў.
Зандажы як навукова-практычнае раскрыццё аб’екта і Міражы – яго міфалагічная надбудова.Толькі сабраўшы разам усе факты і міфы, у нас з’явіцца магчымасць скласці праўдзівую карціну даследаванняў.
Рэстаўрацыя – гэта не толькі тэхналогія, навука, умельства. Рэстаўрацыя патрабуе творчага падыходу да кожнага новага аб’екта. Мастакі-рэстаўратары аб’яднання “Bastalija” працуюць з аб’ектамі, якія ўваходзяць у скарбніцу айчыннай спадчыны, і гэта накладае дадатковую адказнасць за кожны практычны крок, які прымаецца калегіяльна ў спрэчках і доказах.
У выставачнай зале музея наведвальнікі пазнаёмяцца з чатырма асноўнымі складнікамі беларускага мястэчка – царква, касцёл, сінагога і сядзіба. На выставе прадстаўлены матэрыял даследаванняў роспісаў Вялікай сінагогі ў Слоніме, сядзібы ў Лошыцы, Мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, капэлы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі Палацава-замкавага комплексу ў Нясвіжы.
Увесь матэрыял выставы – гэта не столькі падрыхтоўчая графічная праца рэстаўратараў-практыкаў: копіі, фіксацыя стратаў, праекты аднаўлення страчанага, распрацоўка экспазіцыйнай падачы і г.д., выкананая дзеля аднаўлення таго ці іншага аб’екта рэстаўрацыі. Перш-наперш, гэта школа даследавання суцэльнага гісторыка-культурнага пласта, які ўбірае ў сябе шырокі дыяпазон узаемапераплеценых складнікаў: выяўленчае мастацтва, музыка, песенны фальклор, традыцыя, мова...
У рамках выставы адбудуцца аўтарскія экскурсіі мастакоў-рэстаўратараў творчага аб’яднання "Bastalija".
Час працы: з 11:00 да 19:00 без выхадных.