Концерт современной белорусской хоровой музыки (6+)
17 сентября 2020
Сучасная мастацкая культура – складаная, шматгранная з’ява, якая характарызуецца яркімі кантрастамі, разнастайнасцю стыляў і жанраў. Мастацтвазнаўцы спрабуюць вызначыць культуру мяжы 20-21 стагоддзяў рознымі тэрмінамі – метамадэрн, «абсурднае мысленне», шматлікія паняцці з прыстаўкай «неа» ...
На наш погляд існуе адна найважнейшая характарыстыка сучаснага мастацтва і сучаснай музыкі ў прыватнасці – гэта імкненне адлюстраваць у творы свой час з яго сацыяльнымі крызісамі і дасягненнямі, узлётамі і падзеннямі. Свет кожнага беларускага кампазітара, выканаўцы – гэта свет сённяшняй Беларусі.
У гэты няпросты час мастакі, музы́кі, акцёры і ўсе неабыякавыя да мастацтва людзі аб’ядналіся ў сумеснай творчасці на вулічных пляцоўках, паказаўшы, што ствараць прыгажосць можа кожны беларус. Ніколі яшчэ артысты не былі такімі блізкімі да сваіх слухачоў і цяпер чакаюць шаноўную публіку ў сваім доме – залах Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
17 верасня а 19-й гадзіне ў Малой зале імя Р.Шырмы Белдзяржфілармоніі пасля працяглага маўчання адбудзецца канцэрт заслужанага калектыву Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь. Свой новы сезон калектыў пачне праграмай сучаснай харавой музыкі беларускіх кампазітараў.
Прэм’ерным стане выкананне «Маленькага восеньскага рэквіема» Галіны Гарэлавай, напісанага ў 2019 годзе яшчэ да трагічных падзей, якія ўзрушылі ўвесь свет і нашу краіну. Нягледзячы на такую назву, твор Галіны Гарэлавай не з’яўляецца кананічным рэквіемам, а ўяўляе цыкл харавых мініяцюр у суправаджэнні ўдарных інструментаў на тэксты беларускіх паэтаў: Ніла Гілевіча, Адама Глобуса, Дануты Бічэль, Уладзіміра Караткевіча.
Адзначым, што паэзія і проза Уладзіміра Караткевіча і Ніла Гілевіча неаднаразова натхняла айчынных кампазітараў і станавілася літаратурнай асновай буйных і камерных твораў. У Вялікім тэатры Беларусі ставіліся оперы “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага і “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана па Караткевічу. На тэксты Ніла Гілевіча складалі музыку такія выбітныя кампазітары, як Мікалай Аладаў, Анатоль Багатыроў, Яўген Глебаў, Ігар Лучанок, Эдуард Зарыцкі, Леанід Захлеўны і інш.
Больш рэдка беларускія кампазітары звярталіся да творчасці Адама Глобуса і Дануты Бічэль, таму харавы цыкл Галіны Гарэлавай у нейкай меры адкрые публіцы скарбы сучаснай нацыянальнай паэзіі.
Нашу надзею на шчаслівую будучыню, панаванне святла праўды мы выкажам для вас «Месай святла» Алега Гембіцкага («Lux Messa»). Таксама прагучыць музыка Віктара Кісценя, Андрэя Бандарэнкі, Вячаслава Пяцько, апрацоўкі для хору Кацярыны Мадатавай.