H2O
29 ноября 2013 - 14 декабря 2013
Вход: свободный.
Вада з’яўляецца адной з асноў жыцця чалавецтва. Вада – гэта бясспрэчная эстэтычная, культурная і духоўная каштоўнасць. Вада – гэта крыніца натхнення і разам з тым неабходны элемент фізічнага існавання. У работах удзельнікаў праекта адлюстраваны вобраз вады ва ўсёй сваёй разнастайнасці, а таксама ўзнята глабальная праблема даступнасці вады для кожнага чалавека. Безумоўна, у Беларусі праблема вады не стаіць так востра, як у многіх іншых краінах. Каля 1 мільярда людзей ва ўсім свеце не маюць доступу да чыстай пітной вады, а 2,6 мільярда не маюць доступу да асноўных санітарных паслуг. Ад хвароб, звязаных з няякаснай вадой, памірае больш людзей, чым ад усіх форм насілля, улічваючы войны. Па даных ААН, да 2025 года дзве трэці насельніцтва Зямлі будуць адчуваць недахоп водных рэсурсаў. Такое становішча з’яўляецца выклікам усяму чалавецтву і падрывае намаганні ў галіне развіцця.
Беларускія мастакі падтрымалі ініцыятыву ААН і паспрабавалі ўнесці свой уклад у прыцягненне ўвагі грамадства да існуючай праблемы ў галіне воднага супрацоўніцтва, стварылі прастору для выпрацоўкі новых ідэй, неабходных для вырашэння гэтага важнага пытання.
У праекце прымаюць удзел як масцітыя, так і маладыя беларускія мастакі, фатографы, дызайнеры.
У экспазіцыі прадстаўлены работы ў наступных кірунках: жывапіс, графіка, камп’ютарная графіка, фота, арт-аб’екты, інсталяцыі.