28 лютага а 19 гадзіне Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт Карпарэйшн» пакажа праект Тані Арцімовіч и Антона Сарокіна «Беларусь 4’33. Горад Сонца Кропка Нуль»!
У аснове выставачна-мультымедыйнага праекта палягае «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца» беларускага пісьменніка і мастака Артура Клінава. Кніга расказвае гісторыю чалавека, народжанага ў савецкім Мінску, які праз успаміны горада свайго дзяцінства распавядае пра адзін няўдалы гістарычны сацыяльны эксперымент — Савецкую імперыю.
Цела Мінска, ягоная гісторыя становяцца ў гэтым расповедзе асноўнай метафарай, прасторай, звяртаючыся да якой герой спрабуе ўспомніць сябе, усвядоміць тое, што было, для таго каб знайсці шляхі думаць пра сваё заўтра. Але гэта не толькі гісторыя чалавека, траўмаванага савецкім праектам, гэта гісторія пра пошукі ідэнтычнасці ў прасторы горада, і, як аказваецца, складана знайсці сябе ў зруйнаваным горадзе ці месцы, якое не мае памяці.
Працуючы з канцэптам Горада Сонца, разважаючы пра ўтопію, факусуючыся на феноменах памяці і часу (мінулага і будучага), Таня Арцімовіч і Антон Сарокін пераасэнсоўваць клінаўскую ідэю і спрабуюць знайсці ў гэтай гісторыі галасы і выявы сучаснасці – глабальнай і лакальнай.
Тэкст Артур Клінаў, а таксама Таня Арцімовіч, Алена Карманьяні, інтэрнэт-рэсурсы (СМІ, Вікіпедыя, блогі)
Гук Антон Сарокін
Відэа Таня Арцімовіч, Дзяніс Дзюба, Павал Гарадніцкі, Арцём Лобач, youtube
Мантаж Таня Арцімовіч, Антон Сарокін, Дзяніс Волкаў
Тэкст чытае Аляксандр Марчанка
Працягласць – 1 гадзіна 20 хвілін (без антракту)
Прэм’ера – 1 лістапада 2015 года
Мова - беларуская
Месца правядзення - Ок16 (Кастрычніцкая, 16)
Пачатак у 19.00
16+