1 траўня а 17-й гадзіне адкрыецца прастора "Ў падвал" з першым у ёй праектам "Гэта так прыгожа!" маладога мастака Аляксея Талстова.
У сваёй інсталяцыі "Гэта так прыгожа!" Аляксей Талстоў параўноўвае біялагічныя працэсы жыцця з механізмам дзяржаўных ідэалогіяў і стэрэатыпамі сацыяльнай структуры традыцыйнага грамадства. Сутыкаючыся са зменамі ў навакольным асяроддзі, назіраючы сталенне свайго цела, аўтар задаецца пытаннем сувязі біялогіі чалавека з ягонай грамадзянскай роляй. Метафарычнасьць праекту падмацоўваецца выкарыстаннем простых натуральных матэрыялаў і аб'ектаў, якія робяць адсылку да побытавага. Гукавы кампанент інсталяцыі створаны сумесна з Антонам Сарокіным.
Аляксей Талстоў – мастак, пісьменнік. Нарадзіўся ў г. Мінску ў 1984 годзе. З 2009 года бярэ актыўны ўдзел у працэсах беларускага сучаснага мастацтва і культуры. Мастак галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Рэалізуе персанальныя праекты, стала бярэ ўдзел ў групавых выставах у Беларусі і за мяжой. У 2013 годзе адбылася ягоная персанальная выстава "Самакантроль", у 2014 ён прадстаўляў галерэю на міжнародным кірмашы сучаснага мастацтва Supermarket у Стакгольме. У лютым 2016 падчас афіцыйнай імпрэзы ў Нацыянальным цэнтры сучасных астацтваў Рэспублікі Беларусь ажыццявіў крытычную перфарматыўную інтэрвенцыю “Ласунак”.