Скульптура и графика «Философия образа» (6+)
9 - 23 апреля 2021
9 красавіка а 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “Філасофія вобраза”. На выставе будуць прадстаўлены скульптурныя творы Дзмітрыя Аганава і графічныя аркушы Лізаветы Пастушэнка. Выстава арганізавана ў межах фестывалю скульптуры Беларускага саюза мастакоў.
Дзмітрый Аганаў, сябра Беларускага саюза мастакоў, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і пленэраў, прадставіць ключавыя творы, якія характарызуюць пэўны творчы перыяд аўтара. Перыяд, прысвечаны асэнсаванню і творчай рэмінісцэнцыі еўрапейскіх міфаў, рэлігіі і гісторыі – працэсаў, якія ствараюцца, асэнсоўваюцца і пераўтвараюцца чалавекам.
Вобразы – лаканічныя або, наадварот, выкананыя ў вытанчанай пластыцы - утойваюць складаныя і глыбокія па сэнсе і інтэрпрэтацыі ідэі. Шмат якія з іх апелююць да назапашаных ведаў і вопыту гледача.
Галоўнай дамінантай твораў Дзмітрыя Аганава можна вызначыць дуалізм чалавечага свету: безупыннае ўзаемадзеянне, саперніцтва і спалучэнне матэрыяльнага і фізічнага, жаночага і мужчынскага, разбуральнага і стваральнага пачаткаў.
Беларускі скульптар Дзмітрый Аганаў нарадзіўся ў 1976 г. у горадзе Наваполацку ў сям’і вядомага архітэктара і скульптара Льва Аганава. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працуе ў галіне станковай і манументальнай скульптуры.
Графічныя аркушы Лізаветы Пастушэнка дапаўняюць і лагічна працягваюць «філасофскі аповед» скульптурных вобразаў Дзмітрыя Аганава. У сваіх творах мастачка адлюстроўвае метафізічнасць свету, свае разважанні пра жыццё і чалавечыя ўзаемаадносіны.
Лізавета Пастушэнка, сябра Беларускага саюза мастакоў, разнастайна ў творчасці: ад ілюстрацый і эстампаў да анімацыі. Сярод асноўных творчых работ мастачкі: серыя графічных аркушаў «Летняе падарожжа» (2009), «Кашэчы каляндар» (2009-2010), серыя пастэлей «Вандроўка да поўдня» (2011).
Творчая дзейнасць мастачкі адзначана дыпломам у нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» за аўтарскі паэтычны зборнік «Хто ёсць Хто» (2019), дыпломам у намінацыі «Графіка» ў межах праекта «Мастацтва і медыя супраць гендэрных стэрэатыпаў» (2019).
Час працы: серада-нядзеля, 12:00-20:00.
Выхадныя: панядзелак, аўторак.