Фесты

Погрузитесь в мир музыки на фестивале искусств (6+)

11 - 28 ноября 2020

Белгосфилармония

Минск, пр-т Независимости, 50

СПРАВКИ: здесь

ВХОД: от 8 руб.

Погрузитесь в мир музыки на фестивале искусств (6+)

Напрыканцы восені Белдзяржфілармонія рыхтуе для сваіх слухачоў прыгожы падарунак — Фестываль мастацтваў «Беларускую музычную восень». Тэмай 46-га фестывалю Мінская філармонія абрала юбілеі чатырох вялікіх кампазітараў:

  • 335-годдзе непараўнальга І.С.Баха;
  • 250-годдзе вялікага наватара Л. ван Бетховена;
  • 210-годдзе кампазітара-рамантыка Ф.Шапэна;
  • 180-годдзе самага вядомага расійскага кампазітара П.Чайкоўскага.

Іх юбілеі ў гэтым годзе адзначае ўвесь музычны сусвет. Беларуская дзяржаўная філармонія запрашае сваіх сяброў таксама далучыцца да гэтага руху. У праграме шасцідзённага фестывалю:

  • дзевяць канцэртаў, у якіх прагучаць найбольш вядомыя творы чатырох кампазітараў-юбіляраў; цікавыя аўтарскія праграмы ад мастацкіх кіраўнікоў вядучых калектываў філармоніі;
  • першы ў гэтым сезоне арганны канцэрт, у якім возьмуць удзел беларускія выканаўцы і салісты Белдзяржфілармоніі;
  • а таксама слухачоў падчас фестывалю чакае першае ў Беларусі выкананне «Няскончанай» Санаты для скрыпкі і фартэпіяна Дз.Шастаковіча.

Канцэрт-адкрыццё фестывалю: «Да 250-годдзя з дня нараджэння Л. ван Бетховена» адбудзецца 11 лістапада ў 19:00, у Вялікай зале. У канцэрце возьмуць удзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі (галоўны дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў) і саліст Андрэй Сікорскі (фартэпіяна).

У праграме — Пяты канцэрт Бетховена для фартэпіяна з аркестрам. Гэта сапраўды вялікі твор. Перш за ўсё па нязвыкламу для таго часу памеру. Яго першая частка перавышае памеры аналагічных частак знакамітых Пятай і Дзявятай сімфоній. Але — што яшчэ больш важна — гэта вялікі канцэрт па ёмістасці ідэйна-вобразнага зместу, па насычанасці ягонай музыкі гераічным тонусам, па надзвычайнай моцы, энергіі і віртуознаму размаху сольнай партыі фартэпіяна.

Пяты канцэрт адлюстроўвае патрыятычны рух неспакойных гадоў напалеонаўскіх войн. Водгукі бітв пераведзены з вонкавага плану ў план унутраны — у абагульнены паказ барацьбы, гераізму, багацця духоўнага свету дзейнай, мужнай асобы.

Таксама ў канцэрце прагучыць Сёмая сімфонія Л. ван Бетховена — празрысты, ясны і лёгкі твор кампазітара. Даследчык творчасці Бетховена Р.Ралан пісал пра Сёмую: «Сімфонія ля мажор — сама шчырасць, вольнасць і моц. Гэта неразумнае марнатраўства магутных сіл чалавека — марнатраўства без усялякага намеру, а толькі дзеля вяселля».

14 лістапада ў 19:00, у Малой зале імя Р.Шырмы адбудзецца канцэрт «Чароўны свет барока». У канцэрце слухачоў чакае выступленне ансамбля «Камерныя салісты Мінска» (дырыжор — Дмітрый Зубаў).

У гэты вечар прагучыць музыка вялікіх кампазітараў эпохі барока А.Карэлі, А.Вівальдзі, Г.Ф.Тэлемана і, канешне, І.С.Баха, чыё 335-годдзе сёлета адзначаюць усе музыкі. З твораў юбіляра калектыў абраў Брандэнбургскі канцэрт №5 Рэ мажор і Канцэрт Рэ мажор для 3-х скрыпак, альта і баса кантынуа.

19 лістапада запланаваны адразу два канцэрта фестывалю. У Вялікай зале ў 19:00 адбудзецца канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі (дырыжор — Юрый Караваеў) «Ад усёй душі». У праграме творы знакамітых савецкіх кампазітараў: І.Дунаеўскага, А.Хачатурана, А.Пятрова, Г.Свірыдава, Дз.Шастаковіча. У гэты вечар прагучаць улюбёная многімі музыка з кінафільмаў «Маскарад», «Вайна і мір», «Цырк», «Кубанскія казакі», «Час, наперад».

Таксама Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам дырыжора Юрыя Караваева выканае «Танец з саблямі» А.Хачатурана і часткі з 1-й Сюіты Дз.Шастаковіча. Павінен атрымацца цёплы і прыемна настальгічны вечар, сапраўды ад усёй душы.

У Малой зале імя Р.Шырмы ў 19:00 у «Музычнай гасцінай» пройдзе вечар «Паэзіі Срэбнага стагоддзя». Мастацкае слова выканае Алег Вінярскі. Белдзяжфілармонія апроч азнаямлення публікі з музыкай лічыць важным развіваць у сваіх гасцей і літаратурны густ. Менавіта таму ўжо не першы год у «Музычнай гасцінай» Таццяны Старчанка існуе літаратурны праэкт, у межах якога розныя чытальнікі дэкламіруюць вершы вядомых паэтаў.

Канцэрт 19 лістапада прысвечаны паэзіі «Срэбнага стагоддзя», якая па моцы і энэргіі амаль не мае аналагаў на Захадзе. Шматлікія літаратуразнаўцы адзначаюць, што паэзія «Срэбнага стагоддзя» стала вяршыняй з пункту гледжання меладычнасці гучання твораў. Выразная кампазіцыя, плаўны рытм і кантрасныя колеры — гэта заклад той самай мелагучнасці вершаў, якую выдзяляюць філолагі.

У праграме канцэрта — творы А.Блока, В.Мандэльштама, І.Севяраніна, С.Ясеніна, Д.Хармса, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча.

24 лістапада нас таксама чакаюць два канцэрты. У Вялікай канцэртнай зале ў 19:00 адбудзецца першы ў гэтым сезоне арганны канцэрт «Прысвячэнне» да 335-годдзя з дня нараджэння І.С.Баха. У канцэрце возьмуць удзел найлепшыя беларускія арганісты: народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў, Вольга Падгайская, Кацярына Нікалаева, Лізавета Марозава, Калініка Мядзведзева.

У праграме канцэрта творы І.С.Баха і прысвячэнні юбіляру Ш-М.Відора і Ф.Ліста. Для ўсіх музыкаў і асабліва для арганістаў І.С.Бах недасяжная велічыня ў музыцы, а таксама галоўны мастацкі і духоўны арыенцір.

Усе ўдзельнікі канцэрта — наймацнейшыя арганісты Беларусі і кожны з іх асабіста падыйшоў да выбару ‘свайго’ твора. Вольга Падгайская нават рыхтуе новае сачыненне-прысвячэнне. Канцэрт павінен стаць разнастайным і своеасаблівым поглядам на музыку вяліка І.С.Баха.

У Малой зале імя Р.Шырмы ў 19:00 у канцэрце «Двух геніяў абрыс» будзем слухаць музыку Л. ван Бетховена і Дз.Шастаковіча ў выкананні Вадзіма Мазо (скрыпка, Беларусь-ЗША) і заслужанага артыста Беларусі Юрыя Гільдзюка (фартэпіяна). Да 250-годдзя Л. ван Бетховена на вечары прагучыць Саната Фа мажор для скрыпкі і фартэпіяна, ор.24. Санату называюць «Вясновай», бо яе чароўная па прыгажосці мелодыя выпраменьвае небачнае святло і цеплыню.

У праграме канцэрта таксама — Саната для альта і фартэпіяна, ор.147 Дз.Шастаковіча, якая была напісана за некалькі тыдняў да смерці кампазітара і прысвечана альтысту Фёдару Дружыніну.

Прэм’ера адбылася ўжо па смерці Дз.Шастаковіча, а партыю альта выканаў сам Дружынін, таму твор хутка стаў сусветна вядомым. Другім творам Дз.Шастаковіча у канцэрце прагучыць «Няскончаная» Саната для скрыпкі і фартэпіяна. Яе чарнавы варыянт быў напісаны кампазітарам за адзін дзень, але Дз.Шастаковіч так і не завяршыў свой манументальны намер. Саната будзе ўпершыню выконвацца ў Беларусі.

26 лістапада ў 19:00, у Вялікай зале — «Вечар вакальнай музыкі». Будзем святкаваць 180-годдзе П.Чайкоўскага. Канцэрт пройдзе ў межах «Музычнай гасцінай» Таццяны Старчанкі. У канцэрце бяруць удзел народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў (барытон), Марыя Галкіна (сапрана), Таццяна Траццяк (сапрана), Наталля Акініна (меца- сапрана), Аляксандр Міхнюк (тэнар), Ілья Сільчукоў (барытон). У праграме — рамансы П.Чайкоўскага.

Пачуцці вострага душэўнага разладу і незадаволення, моцная прага шчасця і горкасць неажыццёўленых мар з’яўляюцца эмацыйнай асновай вакальнай лірыкі П.Чайкоўскага. У гэтым прычына вялікай папулярнасці рамансаў кампазітара. Роля фартэпіяна ў вакальнай лірыцы П.Чайкоўскага не абмяжоўваецца стварэннем агульнага фону для вакальнай пыртыі. У некаторых рамансах фартэпіяна выступае як раўнапраўны партнёр вакальнай частцы і паміж імі ўзнікае шчырая гутарка.

26 лістапада ў 19:00, у Малой зале імя Р.Шырмы слухачоў чакае канцэрт «Узнесенае і зямное», у якім возьме ўдзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі (дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў), салісты: заслужаная артыстка Беларусі Ірына Шуміліна (фартэпіяна), Вольга Сідарук (скрыпка).

У праграме творы выдатных класічных кампазітараў: уверцюра «Бязлюдны востраў» Ё.Гайдна, Канцэрт №21 для фартэпіяна з аркестрам і Канцэрт №3 для скрыпкі з аркестрам В.А.Моцарта, а таксама «Дамбартон Окс» І.Стравінскага.

28 лістапада ў 19:00 адбудзецца ўрачыстае закрыццё фестывалю і канцэрт «Да 210-годдзя з дня нараджэння Ф.Шапэна». У канцэрце возьмуць удзел Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі (галоўны дырыжор — заслужаны артыст Рассіі Яўген Бушкоў) і саліст — лаўрэат міжнародны конкурсаў Уладзіслаў Хандогі (фартэпіяна, Беларусь-Расія).

Канцэрт пройдзе ў межах супрацоўніцтва калектыву і «Польскага інстытута» ў Мінску. У праграме вечара — Першы канцэрт Ф.Шапэна мі мінор. Мы не знойдзем у канцэрце моцнага праяўлення сімфанізацыі інструментальнага канцэрта.

Фартэпіяна абсалютна пануе — аркестр са свайго боку стварае фон для яго. Таму выкананне Першага канцэрта Ф.Шапэна — гэта магчымасць для саліста прадэманстраваць сваю віртуозную тэхніку, акая абавязкова зачаруе слухачоў прыгажосцю шапэнаўскай мелодыі.