Музейно-театральный фестиваль в Купаловском театре (12+)
6 - 12 июля 2020
Купалаўскі тэатр арганізуе першы музейна-тэатральны online-фэст! “Паўлінка на Купалле” пройдзе з 6 па 12 ліпеня на online-пляцоўках Купалаўскага тэатра - афіцыйным сайце і на YouTube-канале тэатра. Асобны сюрпрыз для гасцей фестывалю – выступ легендарнага ансамбля “Песняры”. Мерапрыемства прымеркавана да дня нараджэння беларускага песняра Янкі Купалы, які супадае са святам Купалля.
“Паўлінка на Купалле” - сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы. Online-фэст створаны ў рамках святкавання 100 сезона і 100-годдзя першага драматычнага тэатра краіны. Галоўным сімвалам мерапрыемства стане легендарная Паўлінка. Вобраз гераіні з удзелам артыстак Купалаўскага тэатра Зоі Белахвосцік, Юліі Шпілеўскай, Кацярыны Алейнікавай і Марты Голубевай пройдзе праз усе тэматычныя блокі фестывалю.
На асобнай старонцы сайта і YouTube-канале тэатра будуць прадстаўлены эпізоды тэматычных блокаў, якія будуць даступныя для ўдзельнікаў па ўсім свеце. Сярод блокаў – “Прывітальны”, “Папараць кветка”, “Паўлінка”, “Свята”. У рамках гэтых блокаў можна будзе трапіць на экскурсію па тэатры, паслухаць выступ аркестра, віртуальна наведаць музей Янкі Купалы ў Вязынцы і ў Мінску, навучыцца плесці вянкі з нашымі Паўлінкамі і нават станчыць лявоніху з панам Быкоўскім.
Праект рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Генеральны партнёр Купалаўскага тэатра – кампанія Mastercard, партнёр музея – кампанія “Белдзяржстрах”.