Дзіцячыя краскі ў вянок паэту (0+)
9 января 2020 - 6 февраля 2020
9 студзеня а 17-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца адкрыццё выставы мастацкіх работ навучэнцаў арт-цэнтра „Вулей” па творчасці Максіма Багдановіча “Дзіцячыя краскі ў вянок паэту”.
Вершы геніяльнага беларускага паэта займаюць пачэснае месца ў скарбніцы сусветнай літаратуры. Талент Максіма Багдановіча заключаецца ў тым, што ён паднімае кола тэм, якія з’яўляюцца вечнымі. Яго вершаваныя радкі былі зразумелыя жыхарам пачатку ХХ стагоддзя, яны турбуюць сучаснага чытача, прычым незалежна ад узросту, адукацыі, прафесіі і месца жыхарства.
Як вынік, паэзія Максіма Багдановіча застаецца запатрабаванай у ХХІ стагоддзі, вабіць і прыцягвае новых чытачоў, знаходзіць водгук у сэрцах, выклікае жаданне тварыць. Сведчаннем таму з’яўляюцца мастацкія работы, музычныя кампазіцыі, драматычныя пастаноўкі, вершы-прысвячэнні творцаў з розных краін, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў.
Пры дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна г.п. Смілавічы” створаны Арт-цэнтр “Вулей” па ініцыятыве праўлення Белгазпромбанка. Мэтай Арт-цэнтра з’яўляецца развіццё здольнасцяў дзяцей, пашырэнне іх мастацкага кругагляду, выхаванне ўмення бачыць твор, ацаніць яго, атрымліваць асалоду ад мастацтва ў самых розных яго формах.
Навучэнцы гэтага цэнтра па навучальнай праграме, распрацаванай Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, наведваюць беларускія музеі. Падчас экскурсіі ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча ўзнікла ідэя стварыць новы мастацкі праект: ілюстраваць творы беларускіх пісьменнікаў і распачаць яго менавіта з вершаў Максіма Багдановіча.
На выставе прадстаўлены ілюстрацыі вучняў Арт-цэнтра “Вулей” да адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”.
Уваход на адкрыццё выставы 9 студзеня – вольны.
Выстава будзе працаваць штодня з 10:00–19:00.