Другое

Дзень ВышыМайкі

18 марта 2016

The Loft

Минск, ул. Петруся Бровки, 22

Справки: тут.

Вход: 100 тыс., у вопратцы з нацыянальнымі беларускімі сімваламі і ўзорамі – вольны.

Дзень ВышыМайкі

18 сакавіка ў клубе Loft культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» ладзіць першы фестываль «ArtSiadziba Forum, альбо Дзень ВышыМайкі».

Мерапрыемства невыпадкова атрымала двайную назву. Бо «ArtSiadziba Forum» – дзённая частка, якая будзе прысвечана беларускамоўнаму бізнесу і рэкламе, а таксама супрацы грамадскага і камерцыйнага сектароў у рэалізацыі сумесных нацыянальна арыентаваных праектаў у Беларусі. А «Дзень ВышыМайкі» — гэта вечаровая і начная забаўляльная музычная праграма з выступамі кавер-бэнда «Арт Сядзібы», беларускіх гуртоў і незвычайнымі дыджэй-сэтамі.

«ArtSiadziba Forum» – гэта знакавая і вельмі важная для нас падзея. На форум мы запрашаем прадстаўнікоў беларускага бізнесу, СМІ і грамадскай супольнасці, каб публічна прэзентаваць новыя праекты «Арт Сядзібы» і нашых сяброў, а таксама знайсці партнёраў і спонсараў для іх рэалізацыі.

Увага! Для ўдзелу ў «ArtSiadziba Forum» трэба запоўніць форму для рэгістрацыі. Удзел бясплатны, але колькасць месцаў абмежавана. Уваход на «Дзень ВышыМайкі» ў вопратцы з нацыянальнымі беларускімі сімваламі і ўзорамі бясплатны, для астатніх – 100 тыс.

Для каго, у першую чаргу, «ArtSiadziba Forum»:

– для прадстаўнікоў беларускіх кампаній, якія прасоўваюць сябе і свае прадукты па-беларуску ці саспелі для гэтага,
– для бізнесоўцаў, якія любяць беларускую мову і нацыянальныя сімвалы, але не ведаюць, што з гэтай любоўю рабіць,
– для тых, хто зацікавіўся новымі праектамі «Арт Сядзібы» і гатовы супрацоўнічаць,
– для прадстаўнікоў СМІ, грамадскіх арганізацый і т.д., якія сочаць за дзейнасцю «Арт Сядзібы» і symbal.by ды хочуць задаць пару правакацыйных пытанняў,
– для тых, хто верыць у магчымасць супрацы беларускага бізнесу і грамадскіх арганізацый.

Праграма «ArtSiadziba Forum» (уваход па запрашэннях і папярэдняй рэгістрацыі):

15:00 18:30

– лекцыя Паўла Белавуса: «Год “Арт Сядзібы”» — публічная прэзентацыя нашых ідэй, праектаў і магчымасцяў на 2016 год;

– лекцыя Мікіты Броўкі: «Феномен Symbal.by» — вынікі, дасягненні, новы сайт і новыя магчымасці, кірункі супрацы;

– выступ пісьменніка Уладзіміра Арлова: «Сімвалы Беларусі з дастаўкай па свеце (пра выданні серыі “Краіна Беларусь”, якія падтрымлівае “БСБ Банк”)»;

– прэзентацыя першага даследавання (пачнецца ў красавіку) «Эфект вышыванкі ў беларускай рэкламе і дызайне» кампаніі MASMI (Міжнароднае агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў) і Marketing.by;

Даныя, атрыманыя па выніках даследавання, будуць апублікаваны ў траўні і дапамогуць развіццю нацыянальнага трэнду ў беларускай рэкламе.

– выступ прадстаўніка Беларускага саюза дызайнераў Паўла Дарохіна з прэзентацыяй працы над каталогам «Тутэйшы дызайн у асобах і рэчах»;

– выступ прадстаўніка Цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў Яўгена Міхасюка з прэзентацыяй Першай народнай стыпендыі Беларусі імя Аркадзя Смоліча і расповедам пра мэты прэміі і яе фундатараў;

– выступ Аляксея Сапрыкіна і Пятра Клюева «Карпаратывы з густам і толькі па-беларуску»: прэзентацыя камерцыйных забаўляльных прапаноў ад «Арт Сядзібы».

18:30 – 19:15

Відэаблок «Мінскія зубры» – марафон беларускамоўнай відэарэкламы, створанай у Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе. У гэты час паралельна будзе адбывацца кулуарнае абмеркаванне выступаў і фуршэт.

З 18:30 паралельна з «Мінскімі зубрамі» пачнецца падрыхтоўка да пачатку «Дня ВышыМайкі».

Для каго, у першую чаргу, «Дзень ВышыМайкі»:

– для тых, хто любіць і носіць вопратку маладых незалежных айчынных брэндаў, якія папулярызуюць беларускія нацыянальныя ўзоры і сімвалы;

– для тых, хто спрабуе размаўляць ці ўжо гаворыць па-беларуску і шукае беларускамоўных сяброў;

– для тых, хто купіў «вышымайку», але на гэтым не спыніцца;

– для тых, хто любіць беларускую музыку і гатовы адрывацца пад яе гукі да раніцы.

19:00 – 02:00

– выступ кавер-бэнду «Арт Сядзібы» з айчыннымі і замежнымі хітамі па-беларуску;
– шалёныя выступы гуртоў «Амплітуда смеласці», Čas Łajna, Amaroka,
– конкурсы і забавы ад вядучага Аляксея Сапрыкіна.

Далей да 02:00 дыскатэка з выступам гурта Martin S. і дыджэйскі сэт ад хіп-хоп-артыста Vinsent.

Фото: alwaysbusymama.com