25 сакавіка Каманда БНР100 запрашае адзначыць 102-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў фармаце анлайн-свята «Годны Дзень Волі» з удзелам вядомых беларускіх дзеячаў культуры, грамадскіх актывістаў і музычных гуртоў.
Абставіны ў Беларусі і свеце вымусілі ўсіх заяўнікаў масавых мерапрыемстваў да Дня Волі адмовіцца ад сваіх планаў. Наша каманда таксама рыхтавала некалькі мерапрыемстваў з нагоды БНР102, але спыніла іх падрыхтоўку.
Так сталася, што і ў 2018, і ў 2019 годзе ў нас атрымалася зрабіць тое, што і самім здавалася практычна немагчымым — арганізаваць годнае адзначэнне Дня Волі. І зараз мы не можам проста скласці рук і казаць, што ўсё дрэнна. Таму вырашылі не пакідаць сябе і ўсіх беларусаў без свята на Дзень Волі і арганізаваць адзначэнне БНР102 у новым фармаце, які прадыктаваў час і надзвычайная сітуацыя ў свеце.
Гэта новы і ўнікальны для нас досвед арганізацыі свята ў абсалютна незвычайных умовах. Наша задача з дапамогай сучасных новых медыя аб’яднаць беларусаў у розных кутках Зямлі і праз анлайн-трансляцыю з насычанай праграмай і цікавымі гасцямі стварыць атмасферу агульнай еднасці і салідарнасці, злучыць разам беларусаў, для якіх Дзень Волі — галоўнае нацыянальнае свята, якое трэба годна адзначаць у любых умовах.
25 сакавіка вас запрашаюць далучыцца да анлайн-свята «Годны Дзень Волі» з дапамогай вашых тэлефонаў, камп’ютараў і тэлевізараў. Трансляцыя пачнецца а 18:00 на сайце Hodna.by і ва ўсіх сацыяльных сетках свята.
І самае галоўнае — расказвайце як вы адзначаеце Дзень Волі 2020 у сацыяльных сетках і пазначайце ў вашых публікацыях хэштэг #БНР102.
Спадзяемся, што арганізацыю свята і яго анлайн-трансляцыі падхопяць папулярныя беларускія СМІ і блогеры, а беларусы дапамогуць праз сервіс Molamola.by пакрыць выдаткі на яго правядзення.