Дзень роднай мовы (16+)
21 февраля 2019
21 лютага, з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, “Арт Сядзіба”, кампанія “Будзьма беларусамі!”, Cаюз беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр і SAY.BY праводзяць кампанію “Беларускамоўны” і запрашаюць усіх далучацца да святкавання: цягам дня імпрэзы адбудуцца не толькі ў Мінску, але і ў Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гродне і Магілёве!
Распачнецца свята ў сталічнай кавярні “Грай”, дзе выступяць беларускія паэты і музыкі, сярод якіх — гурт AKUTE, UZARI, рэпер ANGST, Усевалад Сцебурака, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч, Стась Карпаў. Культурніцкая праграма будзе жывой і насычанай, а кожны ахвочы зможа ўзяць удзел у шоў “Самшазам” (аналаг гульні “Адгадай мелодыю”).
Таксама на другім паверсе прасторы “Грай” будуць дзейнічаць пляцоўкі настольных гульняў, дзіцячых забаў і невялічкі кірмаш. Каманда SAY.BY адмыслова да свята прэзентуе новую версію мабільнай праграмы для размоваў па-беларуску ў сферы абслугоўвання і штодзённым жыцці. Госці свята змогуць узяць удзел у квэстах з выкарыстаннем праграмы, а самыя актыўныя атрымаюць цікавыя прызы і падарункі.