Фесты

День Швеции (0+)

25 мая 2018 - 2 июня 2018

Верхний город

Минск, пл. Свободы, 23а

СПРАВКИ: здесь.

ВХОД: бесплатный.

День Швеции (0+)

2 чэрвеня 2018 года на плошчы Свабоды пройдзе Дзень Швецыі. Упрыгожаннем свята стане зорка шведскай поп-музыкі Jenny from Ace of Base, якая выступіць з вечаровым канцэртам на галоўнай сцэне каля Ратушы. У канцэрце таксама возьме ўдзел папулярны беларускі гурт “Akute”. Падарункам для аўтааматараў стане зона аўтатармажэння Volvo Cars на вуліцы Зыбіцкай, дзе можна будзе самому апрабаваць новую сістэму City Safety. Свята для мінчан і гасцей сталіцы арганізуе Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам пры падтрымцы шведскіх і беларускіх кампаній. Генеральнымі спонсарамі Дня Швецыі выступаюць Volvo Cars і ЕТС-Бел.

Для ўсіх аматараў шведскай культуры з галоўнай сцэны цягам дня прагучыць шведская музыка ў выкананні хора “Concordia”. Улюбёныя хіты “ABBA” і “Roxette” выканае кавер-бэнд Пятра Клюева. Танцавальны гурт “Madcaps” запаліць публіку брэйк- і хіп-хоп кампазіцыямі ў сучасных рытмах. Госці свята таксама змогуць узяць удзел у “Спеўным сходзе” і заспяваць па-шведску разам з гуртом “Вурай”. Усіх чакаюць разнастайныя інтэрактыўныя гульні і віктарыны з каштоўнымі прызамі ад спонсараў.

Удзельнікамі свята ў Мінску сёлета будуць прадстаўнікі афіцыйнага сайта Швецыі на рускай мове Sweden.ru, якія падрыхтавалі для гасцей Дня Швецыі спецыяльную праграму, кульмінацыяй якой стане выступ на сцэне папулярнага шведскага спевака Jay-Jay Johanson. Гуру кулінарнага майстэрства Анастасія Лундквіст падзеліцца з гасцямі свята сакрэтамі шведскай кухні. А на культурна-адукацыйнай пляцоўцы (гл. ніжэй) будзе ўсталяваны шацёр, дзе можна будзе цягам дня пры дапамозе акуляраў віртуальнай рэальнасці пазнаёміцца са Швецыяй з вышыні птушынага палёту.

Акрамя галоўнай сцэны, на плошчы таксама будуць дзейнічаць і іншыя пляцоўкі: культурна-адукацыйная, інфармацыйная, дзіцячая, спартовая, аўтамабільная, індустрыяльная і інш.

На культурна-адукацыйнай пляцоўцы “Спазнай Швецыю” (уваход у задні дворык гатэля “Манастырскі” з вуліцы Герцэна) адбудзецца прэзентацыя навучальных праграм Шведскага Інстытута. Любы жадаючы зможа наведаць майстар-клас па традыцыях святкавання Сярэдзіны лета ў Швецыі з гульнямі і песнямі, а таксама размаляваць драўляныя фігуркі лася або даларнскага коніка. Можна будзе таксама патрапіць на ўрок шведскай мовы і паспытаць шчасця ў віктарыне. Важную адукацыйную ролю будзе выконваць станцыя па сартаванню смецця як значны элемент сучаснай шведскай палітыкі ўстойлівага развіцця.

На дзіцячай пляцоўцы (арт-тэраса канцэртнай залы “Верхні горад”) пры падтрымцы кампаніі ІКЕА адбудуцца дзіцячыя спектаклі і канцэрты паводле шведскіх казак. Маленькія гледачы змогуць паглядзець казку пра карову Маму Му і яе сябра Крумкача, паслухаць музычную гісторыю пра старога Пэтсана і яго коціка Фіндуса ды паспяваць разам песенькі пра Малога і Мядзведзіка.

На пляцоўцы дзетак таксама чакаюць цікавыя майстар-класы “Зрабі лосіка” і “Намалюй Швецыю”. А шведская кампанія Oriflame пры дапамозе аквагрыму ператворыць малых у іх ўлюбёных казачных герояў. Тут жа можна будзе набыць шведскія дзіцячыя кніжкі ў перакладзе на беларускую мову, сфатаграфавацца з персанажамі шведскіх казак і натхніцца выставай Шведскага Інстытута “17 прычын чытаць дзіцячыя кнігі”.

У аўтамабільнай зоне (на паркінгу з агляднай пляцоўкай) група кампаній Volvo Cars, Volvo Trucks, Volvo Construction Equipment і Scania прадэманструюць гасцям свята апошнія мадэлі аўтамабіляў, грузавікоў і экскаватара. Аўтааматары змогуць пазнаёміцца з Volvo XC40, які быў прызнаны “Аўтамабілем года 2018” у Еўропе.

На індустрыяльнай пляцоўцы (з боку вуліцы Леніна) кампанія Husqvarna прадэманструе робата-газонакасілку, а таксама гульнявую зону з тэлевізарам і шлемам віртуальнай рэальнасці, пры дапамозе якога можна будзе паўдзельнічаць у спаборніцтве па абрэзцы сучча. SKF прапануе азнаёміцца са сваёй прадукцыяй у дэманстрацыйным грузавіку. Побач размесціцца інтэрактыўны стэнд кампаніі Bahco Bisov, якая вырабляе пілаінструмент. Elfa (каля Ратушы) пазнаёміць з сучаснымі шведскімі сістэмамі захоўвання адзення, абутку і іншых хатніх рэчаў.

У цэнтральным дворыку гатэля “Манастырскі” (уваход з вуліцы Кірылы і Мефодыя) флагман шведскай бытавой тэхнікі Electrolux ва ўласным гастранамiчным тэатры правядзе майстар-класы па прыгатаванні ежы з дэгустацыяй на абсталяванні кампаніі.

Зону прыгажосці створыць кампанія Oriflame (каля Ратушы насупраць сцэны), якая пазнаёміць гасцей з новай касметычнай прадукцыяй і дасць магчымасць усім, хто зацікавіцца, паспрабаваць яе.

На інфармацыйнай пляцоўцы (каля галоўнай сцэны) можна будзе атрымаць карту мерапрыемства, а таксама матэрыялы, прысвечаныя гісторыі, культуры і традыцыям Швецыі.

Запрашаем усіх аматараў актыўных гульняў на спартовую пляцоўку (перад рэстаранам “Рэнесанс”) паўдзельнічаць у майстар-класе па флорболе, узяць удзел у адкрытым чэмпіянаце па настольным хакеі, футболе і тэнісе, а таксама пазаймацца надзвычай папулярнай сёння скандынаўскай хадой.

Паміж гарадскімі вагамі і фантанам “Спадчына” раскінецца дзіцячая пляцоўка фабрыкі цацак “Палессе”, дзе самыя маленькія знойдуць сабе занятак па душы.

Цягам свята на плошчы Свабоды будзе працаваць фудкорт са шведскімі традыцыйнымі стравамі. Зробім наша свята больш экалагічным, сартыруючы смецце ў спецыяльныя кантэйнеры ад групы кампаній “Экалогія горада”. А для зніжэння колькасці пластыку можна будзе атрымаць на фудкорце напоі ва ўласныя кубкі. Той, хто возьме ўдзел у конкурсах на нашых пляцоўках, зможа выйграць кубачкі шведскага дызайну шматразовага выкарыстання.

Уладальнікаў сабак абавязкова зацікавіць прадукцыя кампаніі Magnusson Petfood - корм для сабак, выраблены па ўнікальнай тэхналогіі.

Дню Швецыі будзе папярэднічаць Тыдзень Швецыі ў Мінску, у рамках якога запланаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў.

25-27 траўня ў рамках “Fashion Idea Festival” на арт-прасторы “ОK 16” (вул. Кастрычніцкая,16) будзе дэманстравацца фотавыстава “Гісторыя шведскай моды”, а таксама пройдзе паказ калекцыі шведскага брэнда AMA AWE і будуць арганізаваныя майстар-класы па Slow Fashion з удзелам шведскай дызайнеркі Юханны Суксэн.

Увагу аматараў кіно абавязкова прыцягне штогадовы Фестываль шведскага кіно, які сёлета пройдзе з 28 траўня па 1 чэрвеня ў кінатэатры “Піянер”. Падчас фестывалю гледачы змогуць убачыць стужкі апошніх год: “Сур’ёзная гульня”, “Шчаслівых чортавых Калядаў”, “Несмяротныя”, “Цацыкі, тата і аліўкавая вайна”, “Гонар злодзеяў”.

Пачатак сеансаў а 19.00, квіткі можна будзе атрымаць бясплатна ў касе кінатэатра ў дзень паказу. У фае кінатэатра будзе дэманстравацца фотавыстава «Шведскія таты». У рамках выставы адбудзецца экспертная панэльная дыскусія на тэму “Быць бацькам: абавязак або шчасце?”. Запрашаюцца прадстаўнікі СМІ.

Фото: thelocal.se