Адзначце Дзень роднай мовы (6+)
19 февраля 2021
19 лютага а 16-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурна-музычную імпрэзу “Родная мова ў марах, у песнях, у снах...”, прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы.
Сёння ў свеце налічваецца больш за 6 тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, садзейнічання прызнанню і выкарыстанню ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.
Дзень роднай мовы – нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню мовы, якую мы завём матчынай. Мова жывая, пакуль на ёй размаўляюць. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, беларускую мову лічаць роднай 5 мільёнаў 58 тысяч жыхароў нашай краіны. Гэта значыць, большасць грамадзян Беларусі. Сёння гонар і абавязак кожнага з нас – шанаваць родную мову, абараняць яе.
У першых шэрагах абаронцаў нацыянальнага скарбу заўсёды ідуць пісьменнікі, якія звяртаюцца да нас, беларусаў, каб мы не цураліся роднага слова, моцай мастацкага выказвання паказваюць нам і ўсяму свету багацце і прыгажосць беларускай мовы, яе чысціню, выразнасць і мілагучнасць.
Падчас мерапрыемства “Родная мова ў марах, у песнях, у снах...” прагучаць вершы беларускіх паэтаў і народныя песні ў выкананні струдэнцкіх творчых калектываў мінскіх навучальных устаноў:
- студэнтаў творчага саюза БДУ;
- паэтычнага тэатра “Рытмы сэрца” (БДУІР);
- вакальнай студыі “Шанс” (БДУІР);
- навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С. Высоцкага.