Гэта 12 фотаздымкаў, 12 розных гісторый, якія расказваюць пра жыццё ЛГБТК-людзей у Беларусі. Мы лічым важным пачаць гаварыць на тэму знутры, не выносячы сябе за дужкі. Расказваючы свае гісторыі, мы трансфармуем культурную прастору для таго, каб у ёй жыць.
Праект не мае забаўляльных мэтаў, і яго важнасць не залежыць ад колькасці гісторый. Нават дзеля таго, каб прагучаў усяго адзін голас, яго варта было зрабіць.
Кожная з гісторый так ці іначай кранае тэму камін-аўта, дакументуе розны досвед самавызначэння, адчування нябачнасцi, “неўпісанасцi”, непрыняцця сябе самім сабою ці іншымі праз тое, кім ты ёсць.
Мы не даем ніякіх ацэнак і не робім высноваў пра не/абавязковасць камін-аўта. Усе гісторыі розныя: хтосьці расказвае пра тое, як зрабіў камін-аўт перад блізкімі, і пра важнасць заставацца адкрытым, хтосьці – пра тое, чаму выбірае не адкрывацца перад асяроддзем, хтосьці разважае пра сам феномен камін-аўта ў нашым грамадстве.
Важна разумець, што гаворка не ідзе выключна пра “гомасэксуальныя” камін-аўты, і сам фотапраект – большы, чым для і пра ЛГБТК-кам’юніці. З дапамогай праекта мы спрабуем распачаць дыялог, які мог бы дапамагчы пераадолець мяжу паміж “мы” і “яны”.
Спадзяемся, што для кожнага, хто хоць аднойчы быў праігнараваны, прыніжаны або ведае, як гэта – калі табе адмаўляюць у праве быць тым, кім ты ёсць, гэты фотапраект стане натхняльным.
8 верасня, 19:00
Адкрыццё выставы “Камін-аўт”
9 верасня, 19:00
Гендарная адчувальнасць і гендар-бендар. Нефармальная лекцыя.
11 верасня, 19:00
РЭТРА-архівы. Гісторыя гей-СМІ ў Беларусі. Прэзентацыя.
13 верасня, 17:00
Гендар і горад. Круглы стол. Месца правядзення: галерэя “Ў”, сумесна з арт-праектам "XXY" і Мінскай урбаністычнай платформай.
14 верасня, 19:00
Закрыццё выставы.