Спектакли

Ціхі шэпат cыходзячых крокаў

24 мая 2014

Даведкi: тут.

Квiткi: ад 85 000 руб.

Ціхі шэпат cыходзячых крокаў

П'есы Дзмітрыя Багаслаўскага, драматурга з Мінска, з поспехам ідуць у Маскве (Тэатр імя. У.Маякоўскага), Мінску, Абакане, Улан-Удэ, Новасібірску, Уфе, Кіеве. Яны адзначаны прызамі і ўзнагародамі міжнародных драматургічных конкурсаў і фестываляў ("Еўразія", "Любімаўка", "Літадрама").

“Ціхі шэпат cыходзячых крокаў” – п'еса, дзе мяжа паміж жыццём і смерцю, сном і рэальнасцю з развіццём дзеяння сціраецца канчаткова. Амаль кожная сцэна, успрымаемая як сапраўдная, у выніку аказваецца фікцыяй. І гэтая рэальная нерэальнасць прыводзіць гледача ў свет складаных чалавечых узаемаадносін.

Галоўны герой Аляксандр на пэўным этапе свайго жыцця, псіхолагі называюць гэты перыяд крызісам сярэдняга ўзросту, хоча атрымаць адказ на важнае для яго пытанне – ці любіў яго бацька пры жыцці. Жаданне знайсці адказ узмацняецца праз дакучлівыя сны, у якіх тата кожны раз настойліва просіць сына пачысціць студню, бо ў каламутнай вадзе нічога не знойдзеш. Каб разабрацца ў прычынах начных кашмараў, Аляксандр звяртаецца да экстрасэнса.

Да таго ж лёс пасылае галоўнаму герою новае выпрабаванне – родныя сёстры вырашылі прадаць бацькоўскі дом і ўжо знайшлі пакупніка. Усе яны выраслі ў гэтым доме, а Аляксандр жыве тут і цяпер. Яму дорагі пахі і фотаздымкі, шкада рыпучых падлог і старых шпалер, а ў кладоўцы захавалася матуліна абрыкосавае варэнне. Здаецца, што паветра ў доме прасякнута бацькоўскім цяплом і прыемнымі ўспамінамі дзяцінства. І вось усе героі збіраюцца на сямейную раду, каб прыняць канчатковае рашэнне.

 

Над спектаклем працавалі:

рэжысёр-пастаноўшчык – Шаміль Дыйканбаеў (Кыргызстан)

мастак-пастаноўшчык – Алёна Ігруша

кампазітар – Канстанцін Яськоў

 

У ролях:

Аляксандр – Максім Брагінец

Дзмітрыч – Канстанцін Воранаў

Наталля – Людміла Сідаркевіч

Людміла – Марыя Пятровіч

Зіна – Анастасія Баброва

Ганна – Вераніка Буслаева

Юрасік – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў

Альберт – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Ігар Сігаў, Аляксандр Марчанка

Алег – Кірыл Навіцкі