На этой выставке вы узнаете, что мы все помним про Чернобыль (12+)
26 марта 2021 - 2 мая 2021
26 сакавіка ў 18:00 ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) адбудзецца адкрыццё міжнароднага мастацкага праекта «Чарнобыль. Эфект спячага».
Праект ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, які ў 2021 годзе адзначае свой юбілей – 80 гадоў з дня заснавання.
Буйнейшая тэхнагенная катастрофа на Чарнобыльскай АЭС – здарэнне, якое змяніла свет. Праз 35 год вакол чарнобыльскай тэмы працягвае працаваць эфект скажэння прасторы і часу: сацыяльнага, палітычнага, інфармацыйнага, культуралагічнага і этычнага.
Мастацкі праект «Чарнобыль. Эфект спячага», знаходзячыся на аддаленай часавай дыстанцыі ад падзеі, даследуе поле грамадскай памяці. Што засталося ў свядомасці людзей? Як гэтыя ўспаміны змяняліся з цягам часу? Які інструментарый выкарыстоўваюць сучасныя мастакі для размовы пра аварыю і яе наступствы? Вакол якіх тэкстаў, вобразаў, сюжэтаў будуюць свае апавяданне і аналіз? Аўтары праекта па-рознаму ўзаемадзейнічаюць з архівам, запазычваючы дакументальныя сведчанні мінулага, выкарыстоўваючы ўласныя матэрыялы і канструюючы версіі падзей.
Само паняцце «эфект спячага» выкарыстоўваецца ў праекце зыходзячы з некалькіх перспектыў: у якасці метафары адкладзенай, міфалагізаванай гісторыі падзеі, якая не завершана, і псіхалагічнага феномена, звязанага з маніпуляцыяй грамадскім меркаваннем і перакананнямі.
Выстава складаецца з архіўных матэрыялаў, якія састаўляюць вось куратарскага выказвання. Архіў застаецца ў аспекце свайго звычайнага існавання – у ролі «захавальніка матэрыяльных слядоў» (Пьер Нара) гістарычнай падзеі. Адначасова ён становіцца формай і часткай экспазіцыі сучасных мастакоў, трансфармуючыся з нечага, што нам, магчыма, спатрэбіцца ўзгадаць, у мастацкі аб’ект.
Апрача фатаграфіі, відэа, інсталяцыі, важным сродкам апавядання з’яўляецца гук. Sound art AORTHA (Зьміцер Ладзес), гук у праекце Андрэя Кузьмянка і Дзіны Даніловіч, архіўны запіс, перададзены Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, не толькі суправаджаюць візуальную частку экспазіцыі, але і ўтвараюць з ёй цэласнасць, становяцца кампанентамі вялікага наратыву.
Серыя фотаздымкаў «Радаўніца. Чарнобыльская зона» (1989-1999) Анатоля Клешчука – з архіва галерэі візуальных мастацтваў NOVA.
Фотаздымак Яўгена Казюлі з серыі «Забароненая зона Палесся» (1988) перададзены з архіва Народнага фотаклуба «Мінск».
Суправаджальная праграма мастацкага праекта «Чарнобыль. Эфект спячага» ажыццяўляецца пры падтрымцы РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм».
Час працы: серада-нядзеля, 12:00-20:00.