Выставки

Бязмежнiкi. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва (18+)

13 мая 2019 - 13 июля 2019

Галерея «Ў»

Минск, ул. Октябрьская, 19

СПРАВКИ: здесь

ВХОД: от 3 до 5 руб.

 

Бязмежнiкi. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва (18+)

"Бязмежнiкi" – гэта тыя, хто аказваецца за межамі афіцыйнай гісторыі мастацтва, тыя, да каго любыя азначэнні ў выглядзе "аўтсайдар-арт", "арт-брут", "дэвіянтнае мастацтва" ці "мастацтва асаблівых мастакоў" выяўляюцца альбо недастатковымі, альбо празмернымі. Выстава "Бязмежнiкi" – гэта вынік даследавання беларускага мастацкага поля і памежных у дачыненні да яго дыскурсаў. У цэнтры ўвагі не толькі добра знаёмыя ўсім імёны мастакоў (Генадзь Хацкевіч, Аляксей Жданаў), але і малазнаёмыя аўтары і аўтаркі (Алег Лойка, Вікторыя Слізская, Віктар Кукушкін ды іншыя), якія ствараюць свае працы ў сценах дамоў-інтэрнатаў.

У працэсе даследавання была знойдзена калекцыя псіхіятра Віктара Феліксавіча Круглянскага, які працаваў у Навінках з 1963 па 1998 гады. У ёй былі працы Генадзя Хацкевіча, Аляксея Жданава, Вадзіма Кошкіна, Сяргея Кірушчанкі, а таксама творы пацыентаў доктара Круглянскага, што засталіся без аўтарскіх подпісаў. Усе працы прадстаўлялі асаблівую цікавасць для В. Круглянскага, які спрабаваў сфармаваць уласную калекцыю і архіў, у якім знайшлося б месца як для твораў прафесійных мастакоў, так і для малюнкаў яго пацыентаў. Сёння можна вылучыць наступныя сучасныя калекцыі гэтага кірунку: калекцыя Дома-інтэрната №2 г. Мінска, калекцыя Дома-інтэрната №4 г. Мінска і "Збор дэвіянтнага мастацтва". Усе яны па-рознаму апісваюць уласную дзейнасць, па-рознаму называюць мастацтва сваіх творцаў (аўтсайдар-арт, дэвіянтнае мастацтва) і экспануюць іх працы.

Адна з асноўных мэт выставы "Бязмежнiкi" ў тым, каб сабраць у адной прасторы і прадэманстраваць спосабы і формы існавання мастацтва, якое на працягу дзесяцігоддзяў было нябачным і неапазнаным з боку мастацкіх інстытуцый, прафесійнай супольнасці, застаючыся пункцірнай лініяй на мапе магчымай гісторыі сучаснага беларускага мастацтва. Выстава "Бязмежнiкi" завяршае сабой праект "Без выключэнняў", што быў пачаты галерэяй сучаснага мастацтва "Ў" у чэрвені 2018 года і скіраваны на актуалізацыю тэмы інклюзіўнага ўзаемадзеяння не толькі ў мастацкай, але і ў сацыяльнай прасторы.

Удзельнікі выставы: Наталля Ажырэвіч Ксенія Ангелава Вікторыя Андрэеўская Bazinato Міхаіл Буліч Уладзімір Гардыка Сяргей Гудзілін Аляксей Жданаў Вікторыя Ільяшэвіч Вера Iонікава Вадзім Кошкін Віктар Кукушкін Канстанцін Ладошкін Наталля Літвінава Алег Лойка Аляксей Ляпін Генадзь Паўлоўскі Святлана Слізская Юрый Сяўрук Гера Хагаева Генадзь Хацкевіч Аляксандр Шапавалаў

Куратаркі выставы: Ганна Карпенка Сафія Садоўская