Брама – Парог – Дзверы
18 - 30 октября 2016
Уваход: 1 руб. – школьнікі, 2,5 руб. – студэнты, 3 руб. – дарослыя.
Даведкі: +375 17 321 24 30.
У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 твораў, большасць з якіх экспануецца ўпершыню. Цэнтральны матыў, які праходзіць праз усе работы выставы, – вяртанне да Брамы – Парога – Дзвярэй – да сваіх каранёў. Мастак стварае вобразы, прасякнутыя таямніцай быцця, гістарычным і асабістым досведам, прыгодамі далёкіх падарожжаў, радасцю вяртання дадому.
У асяроддзі выставы глядач апынаецца нібы ў іншым вымярэнні, у новым сусвеце Уладзіміра Савіча. Цёплыя фарбы колераў беларускай прыроды агортваюць спакоем і цішынёй, цалкам пагружаюць у дзіўны, але такі знаёмы і родны свет.
Кожны твор – гэта нібыта акно, праз якое можна ўбачыць празрыстую глыбіню возера, бясконцасць нябёсаў, зазірнуць у мінулае і пабачыць будучыню. Майстар выдатна перадае шматграннасць і шматзначнасць рэчаіснасці, стварае напластаванні сэнсаў і значэнняў у кожным сваім палатне. Творы Уладзіміра Савіча заўжды напаўняе ўнутраная энергія, якая перадаецца гледачу. У большасці выпадкаў гэта амаль фізічнае цяпло. Эксперыменты з колерам нарадзілі сапраўднага майстра-жывапісца, які менавіта з дапамогай колеравай плямы, фактурнасці паверхні стварае ўласную мастацкую мову. І гэта колеравая гама заўжды нясе пэўную сэнсавую і псіхалагічную нагрузку.
Адным з галоўных аспектаў у яго творчасці была і застаецца эстэтычная катэгорыя прыгажосці, напоўненая глыбокім філасофскім зместам. Прычым яе перажыванне не абавязкова мае ў мастака светлы, аптымістычны характар, яно можа быць і элегічным, і глыбока драматычным.
Уладзімір Савіч – мастак сучасны, перш за ўсё ў тым сэнсе, што ён выдатна адукаваны і нястомна прагны да ўспрымання рэчаіснасці. Выпрацоўваючы сваю вобразную мову, ён абапіраецца на падмурак традыцый, шукаючы і знаходзячы ў іх кропкі росту.
Так, свет твораў Уладзіміра Савіча гарманічны. Але гэта не падараваная з вышыняў гармонія. Гэта выпакутаваная гармонія мастака-філосафа, праекцыя створанага свету, у якім роля чалавека ўжо рашуча пераўзыходзіць па аб’ёме тое, што было створана да яго і, магчыма, для яго прыродай і богам.