Беларускі экватар Аляксандра Дзітлава
18 декабря 2012 - 13 января 2013
Справки: +375 17 327 43 22.
Билеты: 2 500 руб. - детям, 3 500 руб. - студентам, 5 000 руб. - взрослым.
18 снежня 2012 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца фотавыстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння фатографа, ваеннага карэспандэнта, заслужанага журналіста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Сяргеевіча Дзітлава (1912 – 2009).
Аляксандр Дзітлаў нарадзіўся перад Першай сусветнай вайной у сталіцы Расійскай імперыі Санкт-Пецярбурзе у дваранскай сям’і. Пасляваенны лёс прывёў яго на Беларусь, і гэты перыяд жыцця, своеасаблівы “беларускі экватар”, стаў найбольш плённым. Аляксандр Сяргеевіч – заслужанны журналіст Рэспублікі Беларусь, ваенны карэспандэнт фотахронікі ТАСС, аўтар кніг па тэорыі фотамастацтва, арганізатар фотавыстаў. Адзін з заснавальнікаў часопіса «Маладосць».
Сёння Аляксандр Дзітлаў найбольш вядомы фатаграфіямі ваеннай пары. “Тыгр і казляня”, “Салдацкая каша”, “Дамоў”, “Куляметчык Мікалай Качанаў” неаднойчы публікаваліся на старонках друкаваных і віртуальных выданняў. На некаторыя з іх напісаныя вершы і зняты фільм. Дзітлаў – аўтар самага вялікага – 7-мятровага – фатаграфічнага “палатна” і творца маленькай, вялічынёю з паштовую марку, фотакарткі.
На выставе прадстаўлены як арыгінальныя аўтарскія адбіткі, так і сучасныя лічбавыя, зробленыя з фотанегатываў аўтара. Большая частка экспазіцыі адведзена пад фатаграфіі, якія былі выкананы А.С. Дзітлавым у пасляваенны перыяд – 1945-1969 гг. Яны былі апублікаваныя ў аўтарскім фотаальбоме “Там, дзе сінее Нарач”, выстаўляліся на тагачасных калектыўных фотавыставах, публікаваліся на старонках часопіса “Маладосць”. Асобна трэба сказаць пра каляровыя фотаздымкі, зробленыя А.С. Дзітлавым. На пачатку 1950-х каляровае фота толькі пачало ўваходзіць у практыку працы беларускіх фатографаў. Акрамя фотаздымкаў прадстаўлены асабістыя матэрыялы фатографа.
Упершыню экспазіцыя адлюструе ўсе грані таленту Аляксандра Дзітлава – журналіста, майстра дакументальнай фатаграфіі, тонкага лірыка і гумарыста, нястомнага генератара ідэй і новых праектаў.
На выставе выкарыстаны матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, асабістага архіва дачкі фатографа Вольгі Дзітлавай.