Выставки

Беларусь 4.33. горад сонца кропка нуль

1 ноября 2015

Studio67

Минск, пр-т Машерова, 9

Даведкі: тут.

Уваход: бясплатна.

Беларусь 4.33. горад сонца кропка нуль

Таня Арцімовіч, Антон Сарокін

БЕЛАРУСЬ 4.33
горад сонца кропка нуль
выставачна-мультымедыйны праект / гук, інсталяцыя, перформанс / work-in-progress

паводле “Малай падарожнай кніжцы па Горадзе СОНца” Артура Клінава

тэкст чытае Аляксандр Марчанка

Гук: Антон Сарокін
Відэа: Таня Арцімовіч, Дзяніс Дзюба, Павал Гарадніцкі, Арцём Лобач, youtube
Мантаж: Таня Арцімовіч, Антон Сарокін, Дзяніс Волкаў
Тэкст: Артур Клінаў, а таксама Таня Арцімовіч, Алена Кармагнані, інтэрнэт-рэсурсы (СМІ, Вікіпедыя, блогі)

Горад не мае свайго ўласнага імя, як не мае сваёй уласнай гісторыі. Гісторыя кожнага горада – гэта гісторыя бясконцых ягоных нараджэнняў, сталенняў, руйнаванняў, аднаўленняў, барацьбы за права на горад, страта гэтага права альбо адмова ад яго. Гісторыя майго горада такая ж бясконца ананімная – падобная на гісторыі многіх іншых гарадоў. Ягоная асблівасць толькі ў тым, што тут нарадзілася я.
Таня Арцімовіч

Цішыня – гэта адсутнасць гука, які магчыма чуць, ці прысутнасць гука вельмі нізкай інтэнсіўнасці. Па аналогіі з гэтым маўчанне у вербальным асяроддзі адносіцца да адсутнасці любой формы камунікацыі.
Wikipedia

У аснове выставачна-мультымедыйнага праекта “Беларусь 4.33. горад сонца кропка нуль” палягае “Малая падарожная кніга па Горадзе СОНца” беларускага пісьменніка і мастака Артура Клінава. Кніга расказвае гісторыю чалавека, народжанага ў савецкім Мінску, які праз успаміны горада свайго дзяцінства распавядае пра адзін няўдалы гістарычны сацыяльны эксперымент — Савецкую імперыю. Цела Мінска, ягоная гісторыя становяцца ў гэтым расповедзе асноўнай метафарай, прасторай, звяртаючыся да якой герой спрабуе ўспомніць сябе, усвядоміць тое, што было, для таго, каб знайсці шляхі думаць пра сваё заўтра. Але гэта не толькі гісторыя чалавека, траўмаванага савецкім праектам. “Малая падарожная кніга па Горадзе СОНца” расказвае пра пошукі ідэнтычнасці ў прасторы горада як такой, і аказваецца, складана знайсці сябе ў зруйнаваным горадзе ці месцы, якое не мае памяці.

Менавіта канцэпты калектыўнай і персанальнай памяці і ідэнтычнасці сталі адпраўнымі кропкамі праекта “Беларусь 4.33. горад сонца кропка нуль”. Аўтаномная гукавая інсталяцыя Антона Сарокіна “Беларусь 4.33” (work-in-progress) звяртаецца да зонаў цішыні беларусаў, знакавых болевых кропак сучаснай гісторыі краіны, утвараючы такім чынам мапу забароненай памяці. Разам з відэа і фрагментамі тэкста ў праекце сыходзяцца – мінулае і цяперашняе, уяўнае і штодзённае, віртуальнае і рэальнае, каб расказаць пра памяць жыхара і горада, які ў гэтым расповедзе губляе сваю ўнікальнасць: гісторыя гарадоў накладваецца адна на адну, утвараючы такім чынам прастору агульнай памяці.

***
Горад СОНца — гэта ўнікальны архітэктурны ансамбль 1930-50-х гадоў у цэнтры Мінска. У кожным постсавецкім/посткамуністычным горадзе можна знайсці фрагменты горада СОНнца. Гэтыя элементы сталі не толькі прасторай агульнай памяці. Гэта помнік адной рамантычнай еўрапейскай мроі — мары пра грамадства шчасця, якое не было магчыма, таму што ўтопія — гэта месца, якога няма. Але можа быць для нас сёння гэты помнік — Горад Сонца — напамін пра тое, што мроячы, мы ў любым выпадку павінны заставацца рэалістамі.

Уваход вольны!

Праект здзейснены ў межах рэзідэнцыі Цэнтра сучаснага мастацтва Ujazdowski Castle (Варшава) і Akademie Schloss Solitude (Штутгарт) як частка New Networks праекта і з фінансавай падтрымкай Foundation for Polish-German Cooperation і Горада Варшавы.