Авантура
28 февраля 2015 - 8 марта 2015
Справки: +375 17 262 62 15, +375 17 399 09 77, +375 17 292 93 36
Вход: 30 000 руб.
28 студзеня 2015 года ў 18:00 у Цэнтры Сучасных Мастацтваў (вул. Някрасава, 3) адбудзецца адкрыццё выстаўкі “Авантура” (Авангард + аголеная натура) з калекцыі Андрэя Плясанава.
“На выстаўцы можна будзе пабачыць больш за сто работ у стылі “ню” 55-ці жывапісцаў. Амаль усе працы былі напісаныя мастакамі па маёй просьбе і ў адным памеры: 60х70 і 70х60. Гэта, пасля 1992 года, першая выстаўка падобнага маштаба з маёй калекцыі”.
Андрэй Плясанаў
Культуралагічныя адрозненні паміж паняццямі “распрануты”
і “аголены”, прынятымі ў сучаснай філалогіі, выяўляюцца і ў сферы выяўленчага мастацтва. Небяспека жанру “ню”, прывабнага для многіх мастакоў, заключаецца ў тым, што пры малюнку аголенай натуры мера густу і ўзровень майстэрства праяўляюцца асабліва відавочна і востра, так як наўпрост вызначаюць ўменне перадаць не сітуацыю “распранутасці”,
а эстэтычны вобраз “аголенасці”.
У розныя эпохі ўласцівасцямі аголенай натуры станавіліся алегарычнае і іншасказальнае або канкрэтыка, адчувальнасць і цялеснасць, іншымі словамі матэрыяльнасць, пачуццёвасць або ідэалізаваная адасабленасць. Гэтымі якасцямі мастакі надзяляюць герояў міфаў і антычных багоў, канкрэтных персанажаў і невядомых натуршчыкаў.
Творы беларускіх мастакоў-авангардыстаў, як знакамітых, так
і малазнаёмых, дазволяць убачыць, як іх аўтары вырашалі эстэтычныя
і маральна-этычныя праблемы, якія хвалявалі і хвалююць сучаснікаў.
Структура экспазіцыі раскрывае асноўны жанравы дыяпазон, у якім “аголенасць” была адпраўной кропкай творчасці жывапісцаў-авангардыстаў.
Многія мастакі працавалі з аголенай натурай, якая з канца XIX стагоддзя стала часткай абавязковай праграмы навучання ў акадэміях мастацтваў. Аднак калекцыя А.Плясанава сабрала творы тых, для каго малюнак цела быў неабходнай часткай творчасці.
Кампазіцыйных схем, якімі карыстаюцца мастакі пры працы
з мадэллю, няшмат: натуршчыца можа стаяць, сядзець або ляжаць. Таму ў экспазіцыі вельмі важны элемент параўнання. У залах Цэнтра будуць выстаўлены работы такіх вядомых мастакоў як: Сяргей Малішэўскі, Уладзімір Кожух, Артур Клінаў, Аляксандр Забаўчык, Віктар Ціханаў, Адам Глобус, Дзмітрый Сурыновіч, Віталь Чарнабрысаў, Вольга Сазыкіна, Генадзь Хацкевіч, Людміла Русава, і шмат іншых.
Жывапіс авангарду энергетычна ёміста дэманстраваў індывідуальны, суб’ектыўны погляд на мастацкія задачы, сціраючы грані паміж партрэтам, пейзажам, нацюрмортам, кампазіцыяй. Творы авангардыстаў былі альтэрнатывай агульнапрынятаму светапогляду. Нягледзячы на агульную магутную экспрэсіўную манеру, мастакі стварылі працы, якія з’яўляюцца герметычна-замкнёнай сістэмай, яркімі мірамі, замкнёных на саміх сабе.
У гэтым унікальнасць і каштоўнасць беларускага авангарду 1980-х - 1990-х гадоў. Працы гэтых гадоў набылі вядомасць і з’яўляюцца запатрабаванымі знаўцамі і аматарамі мастацтва.
Папулярнасць постсавецкага мастацтва на Захадзе кардынальна змяніла прыярытэты ў мастацкім жыцці нашай краіны. Пачалося фарміраванне прыватных калекцый рускага і беларускага авангарду, адной з якіх з’яўляецца і калекыя Андрэя Плясанава.
Андрэй Плясанаў -- вядомы беларускі музыка, мастак і кінарэжысёр, член Міжнароднай Гільдыі Жывапісцаў. Нарадзіўся ў Мінску ў 1948 годзе. C 1975 па 1980 вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні рэжысуры (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Андрэй Плясанаў вядомы з канца 80-х гадоў як актыўны арганізатар такіх значных для гісторыі беларускага авангарду выстаў, як “На Калектарнай” (1987 г.); “Перспектыва” (1987 г); рэспубліканская выстаўка “Панарама” (1989 г); “Скарбніца беларускага авангарду” (1989 г.); “Мы з Мінска” (1997 г.); “Наша калекцыя” (1999 г.), “Беларускі авангард 1980-1990-х гг.” (Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, 2010г.), а таксама ўладальнік адной з найбольш значных калекцый жывапісу беларускіх мастакоў-авангардыстаў, якая сёння налічвае больш за тысячу работ.
Выстаўка будзе працаваць з 29 студзеня па 8 сакавіка 2015 года.
Час працы: 11:00 – 19:00
Выхадныя: нядзеля, панядзелак
Адрас: г. Мінск, вул. Некрасава, 3