Праект скаладаецца з серыі фатаграфій, інсталяваных у экспазіцыі сумесна з тэкстамі, аўдыазапісамі і аб’ектамі.
Вельмі прыгожая сентыментальная гісторыя, быццам расказаная ад першай асобы, дзе галоўны герой, чалавек у мудрым веку, пускае нябачнага гледача ў сваё жыццё, выбудоўваючы адкрыта і шчыра сваю штодзённую рэальнасць як рытуал: прыгатаванне ежы, паленне лазні, апрацоўка зямлі, чытанне газет і слуханне радыё. Фатограф выбраў тут тактыку неўмяшання, за рэдкім выключэннем, старонняга назіральніка.
У выніку атрымаўся наратыў, невялікі аповед, які змясціў у сябе ўсю драматургію жыцця 84-гадовага чалавека. Для сям’і — гэта частка сямейнага архіву, дакументальнае пацверджанне факту быцця з яго непаўторнымі прыкметамі-знакамі, што не дазваляюць растаць і знікнуць твару чалавека, які ўжо сышоў. Мы бачым у гэтым візуальным шэрагу водгукі-прыкметы нашых сямейных архіваў-гісторый. Для нас актуалізуецца і пераасэнсоўваецца значэнне нічым не прыкметных будняў, сумеснай з кімсьці паўсядзённасці.
Куратар праекта: Вольга Рыбчынская
Праект адбываецца ў рамках «Месяца фатаграфіі ў Мінску».
Віктар Гіліцкі
нарадзіўся 8 лістапада 1985 года ў Мінску, Беларусь.
Жыве і працуе ў Мінску.