Музыкі розных пакаленьняў выканаюць песьні на вершы беларускага паэта, які сёлета заўчасна пайшоў у іншы сьвет. У канцэрце возьмуць удзел Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч, Аляксандар Ракавец з IQ48, гурты MorkvoЦвет і Harotnica.Вядоўца - Аляксандар Памідораў.
Вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава пройдзе ў менскім клюбе «Брюгге» 15 сакавіка. Тыя, хто любіў і шанаваў паэта, адмыслова рыхтуюцца да гэтай падзеі. Упершыню за доўгі час у арыгінальным гучаньні са сцэны будуць зайграныя даўнія гіты гуртоў «Новае Неба», N.R.M., «Бонда» аўтарства Міхала, адносна сьвежыя песьні на ягоныя вершы ў выкананьні IQ48 і Зьмітра Вайцюшкевіча, а таксама зусім новыя творы ад гуртоў «MorkvoЦвет» і Harotnica. Да згаданых выканаўцаў далучыцца музычны склад пад кіраўніцтвам Алеся-Францішка Мышкевіча, віялянчэлістка Юлія Глушыцкая, а весьці імпрэзу будзе Аляксандар Памідораў. Ладзіць канцэрт партал TuzinFM.by. Афішу мерапрыемства зрабіла жонка паэта Алена Дашкевіч.