Адзнака ўзроўню вады
7 октября 2014 - 7 ноября 2014
Даведкі: +375 17 226 09 81, +375 17 327 27 50
Уваход: 15 000 руб.
7 кастрычніка ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі а 18 гадзіне адбудзецца адкрыцце фотавыставы “Адзнака ўзроўню вады”, якая з’яўляецца мастацкім сінтэзам на падставе літаратурных уражанняў маладой фотамастачкі Мары Якімовіч. Кропкай адліку выставы лічацца эсэ Іосіфа Аляксандравіча Бродскага.
Бродскі – выгнаны паэт, “ахвяра геаграфіі”, але яго выгнанне пераўтварылася ў магчымасць пашырыць радыус яго перамяшчэнняў у прасторы, стала прычынай з’яўлення сапраўднага “грамадзяніна свету” з уласнай філасофіяй вандровак. У сваіх інтэрв’ю ён называе сябе качэўнікам, які імкнецца скампраметаваць саму ідэю гарызонта.
Пастуліруючы неабходнасць руху і параўноўваючы кожны прыпынак са смерцю, паэт і філосаф Бродскі надае кожнай вандроўцы асаблівы сэнс – набыццё дадатковых навыкаў адзіноты, магчымасць выйсці за часавыя і прасторавыя рамкі. Так ўзнікае цалкам асаблівы позірк на перамяшчэнне ў абшары, знаёмства з гарадамі, краінамі, людзьмі. У адным са сваіх інтэрв’ю ён кажа: “Увогуле, для таго, какб сапраўды зразумець, што ёсць тая ці іншая краіна, тое ці іншае месца, туды трэба ехаць зімой, канешне. Таму што зімой жыццё больш рэальнае, больш дыктуецца неабходнасцю. Зімой контуры чужога жыцця больш выразныя”. Адсюль любоў да паездак у несезон, да адзіноты. І адсюль жа любоў да вады, гарадоў, якія вырастаюць з мора. Менавіта вада ў Бродскага паўстае метафарай свабоды ад прасторы і часу.
Куды б ні накіроўваўся пілігрым-філосаф Бродскі, Пецярбург і Венецыя – “неяўклідава прастора” — застаюцца самымі яскравымі кропкамі на яго паэтычнай мапе, гарадамі, якія выпадаюць з геаграфіі Бродскага.
Гасцінная кватэра ў доме №30 па вуліцы К. Маркса заўсёды была прытулкам таленту і творчасці. Нягледзячы на геаграфію, падчас выставы ўсе шляхі сыдуцца ў выставачнай залі, дзе можна будзе атрымаць асалоду ад прагляду фотаздымкаў, чытання ўрыўкаў з твораў Бродскага на ангельскай (мове, на якой пераважна пісаліся эсэ), рускай (роднай мове аўтара) і беларускай (роднай нам) мовах. Эсэ “Fondamenta degli incurabili” або “Узбярэжная неацалімых” (1989), “Пуцяводнік па перайменаванаму гораду”, эсэ са зборніка “Меньш за адзінку” (1986), будуць паэтычнай падтрымкай візуальных вобразаў.