Выставки

80+

4 - 28 мая 2017

Высокое место

Минск, ул. Герцена, 2а

Справки: +375 17 220 26 57

Вход: 2 руб.

80+

Фотапраект прысвечаны нашым сучаснікам – людзям, якія пераступілі 80-
гадовую мяжу. Гэта фотагісторыі ў некалькіх фотаздымках пра кожнага знашых герояў. Усе мадэлі – людзі, якія пражылі цікавае і яскравае жыццё:балярына, мастак, пісьменнік, інжынер-будаўнік, настаўніца гісторыі, паэтка, генерал у адстаўцы, лекарка, навуковец, настаўніца матэматыкі.

На выстаўке прадстаўлены фотаздымкі 18-ці мадэлей: Чыжык Л.М., Грыба Я.І., Арцем’ева В.М., Арцем’евай Г.А., Бранштэйн І.Я., Звярковай Л.А., Кулачковай М.А., Мехава У.Л., Наліваева А.А., Фень А.Ф., Бортніка М.В., Радомскай Л.Ц., Хадон Р.Я., Малышавай К.М., Каламінскага Я.Л., Храмцова Л.П., Кургана І.Л., Ульянкіна В.А. Праект здымаўся на працягу доўгага часу трыма фатографамі, выпускнікамі “Творчай студыі-2015” пры Народным фотаклубе (НФК) «Мінск»: Наталляй Пуцята, Ланай Красікавай, Андрэем Казека і працягваецца дагэтуль. З часам, да нас далучыліся новыя аўтары, а гэта сведчыць, што праект жывы, ён расце і пашыраецца, бо ў яго аснове – наша гісторыя, нашы сучаснікі, наша памяць.

Сам праект таксама змяніўся. Мы зразумелі, што павінны паказаць не толькі партрэты нашых герояў, а як мага паўней расказаць пра іх жыццё, захапленні, гісторыю іх сем’яў у кантэксце гісторыі краіны, прафесійную дзейнасць, таму мы папрасілі кожнага з іх паўдзельнічаць у стварэнні экспазіцыі. Лёсы нашых герояў вельмі розныя, як і жыццё зараз. Хтосьці дагэтуль працуе і жыве актыўна і цікава – шмат вандруе, нават вучыцца, мае сяброў, родных. Іншыя хварэюць і не ў стане выйсці з хаты, іх даглядаюць сваякі. А хтосьці страціў усіх родных і сяброў, пакутуе ад адзіноты і вельмі чакае дапамогі і ад дзяржавы, і ад усіх нас.

Пакаленне 20-30- х гадоў ужо мінулага стагоддзя… Гэтых людзей з кожным днём застаецца ўсё менш. Яны сыходзяць і ўносяць з сабой самае каштоўнае, што ёсць у чалавечым жыцці – досвед і памяць. Таму адна з галоўных мэтаў нашага фотапраекта – паспець. Паспець пачуць, убачыць і захаваць постаці людзей, якія сталі сведкамі самых жахлівых і самых яскравых падзей мінулага стагоддзя.

Гэта апошнія з таго пакалення, якое перажыла рэпрэсіі, гэта апошнія сведкі Другой Сусветнай вайны, якія зведалі жахі нямецкай акупацыі, гета, блакаду, страту на вайне родных... Яны памятаюць энтузіазм 50-х, з’яўленне на іх вачах новых, ззяючых шклом і свежай фарбай гарадоў і руйнаванне знаёмых з дзяцінства вулачак... Спрэчкі фізікаў і лірыкаў 60-х, безнадзейнасць 70-х, адкрыццё архіваў і шок ад крушэння імперыі ў гады перабудовы. Кожны з іх па-рознаму ставіцца да ўсяго перажытага, штосьці апраўдвае, штосьці не прымае, пра штосьці імкнецца хутчэй забыць, але перад усімі нашымі героямі хочацца схіліць галаву і прасіць, як мага даўжэй заставацца з намі.