26 красавіка а 19:00 у Музеі-майстэрні Яўген Рагозін прэзентуе ўнікальную гукавую выставу «33», якая прысвечана гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. Адметнасць выставы не толькі ў тым, што ў ёй адсутнічае візульная частка, але і ў тым, што ладзіцца яна адначасова ў музеях дзвюх краін, якія найбольш пацярпелі ад наступстваў катастрофы — Мемарыяльным музее-майстэрне З.І. Азгура (Мінск) і Музее-майстэрне І.П. Кавалерыдзэ (Кіеў).
Чарнобыль невідочна прысутнічае з намі – незалежна ад той “карцінкі”, якая ў гэты момант нас атачае. У нас няма здольнасці бачыць і адчуваць радыяцыйную пагрозу. Але нашы зямля і вада яшчэ доўга будуць небяспечнымі для нас і нашых дзяцей, нашы родныя паміраюць ад анкалагічных захворванняў, нашыя целы па-ранейшаму працінаюць радыеактыўныя часціцы матэрыі. Верагодна, гук – найадэкватны сродак для асэнсавання прынцыпова неасязальнага постчарнобыльскага досведу.
Куратары праекта: Павел Вайніцкі (Беларусь), Вікторыя Данелян і Таццяна Цведалуб (Украіна).
Падчас выставы наведвальнікаў чакае насычаная суправаджальная праграма:
- 27 красавіка; 19:00, Улад Бубен — лекцыя «Сучасная электронная музыка»;
- 28 красавіка; 19:00, Міхаіл Тумеля — лекцыя «Гук у анімацыйным кіно»;
- 29 красавіка; 19:00, Зміцер Сасноўскі — гутарка пра сярэднявечную беларускую музычную культуру;
- 2 мая; 19:00, Аляксей Ванчук — лекцыя «Гук у gamedev»;
- 3 мая; 19:00, Яўген Рагозін — аўтарская экскурсія па гукавой выставе «33».
Уваход на адкрыццё выставы і мерапрыемствы суправаджальнай праграмы вольны. Гукавая выстава «33» працуе з 26.04 па 05.05.