6 жніўня 1517 года ў Старым месце Пражскім Францыск Скарына з Полацку пачаў друкаваць Біблію на беларускай мове… Усе мы яшчэ з падручнікаў ведаем гэтую дату.
Францыск Скарына сёння з’яўляецца адной з самых пазнавальных асобаў беларускай гісторыі. Беларускаму першадрукару стаяць помнікі, яму прысвечаны кнігі, карціны, фільмы, песьні, спэктаклі. Але гэта ўсё будзе пазьней. Шлях жа да памятнага дня 6 жніўня 1517 г. не быў ані кароткім, ані простым.
Скарына нарадзіўся ў краіне, дзе не было ніводнага ўніверсітэту, і кожны, хто хацеў мець вышэйшую адукацыю, павінны быў ехаць за мяжу, на Захад. Ягоны бацька не быў вучоным, ён быў прадпрымальнікам, які зарабляў на гандлі скурамі. Тым ня менш, Францыск стаў першым беларусам, які атрымаў ступень — доктара вызваленых навук і доктара лекарскіх навук. Але лекарства не стала справай жыцця Францыска Скарыны.
Творчы калектыў пад кіраўніцтвам Паўла Харланчука-Южакова і Змітра Бейнарт-Саладухі вырашыў даць адказ на пытанне, чаму Францыск Скарына змяніў свае жыццёвыя планы. Контраверсія без антракта “1517” – гэта гісторыя доктара лекарскіх навук, які стаў перакладчыкам Бібліі і пачынальнікам беларускага кнігадрукавання. Але гэта не толькі гісторыя…
Жанр: контраверсія без антракта
Сцэнар: Аляксей Шэін, Андрэй Унучак
Рэжысура: Павел Харланчук-Южакоў, Зміцер Бейнарт-Саладуха
Фото: Гродненская правда