Выставки

1100

3 - 14 июня 2016

Цэх

Минск, ул. Октябрьская, 16

Даведкі: тут.

Уваход: бясплатна.

1100

1100 дзён – столькі мінула з дня заснавання прасторы ЦЭХ. Мы вырашылі прымеркаваць да гэтай падзеі выставу, прысвечаную аповеду, што мы ствараем разам з вамі і дзякуючы вам.

За гэтыя 3 гады нашыя кліенты і партнёры правялі каля 500 мерапрыемстваў, сярод якіх фестывалі, прэзентацыі, лекцыі, кінапаказы, заняткі, канферэнцыі ды шмат што іншае. ЦЭХ заініцыяваў шэраг самастойных выставаў і курсаў фотажурналістыкі, заснаваў прэмію ў галіне фотажурналістыкі «ПРАФОТА» і стварыў публічную бібліятэку. У цяперашні час прастора таксама застаецца асноўнаю экспазіцыйнаю пляцоўкаю фестывалю «Месяц фатаграфіі ў Мінску».

Нягледзячы на вялікую колькасць падзеяў, у гісторыі прасторы можна вылучыць некалькі асноўных для яе датаў. Дзень падпісання дамовы арэнды памяшкання – 13 чэрвеня 2013 года – лічыцца днём народзінаў ЦЭХу, заснаванага там, дзе да гэтага быў культурны лофт «МЕ100». Экспазіцыйная зала запрацавала 20 верасня 2013 разам з выставаю «Рэканструкцыя», якую курыравалі Ілона Дзяргач і Віталь Шчуцкі. Першая выстава, зарганізаваная самім ЦЭХам, адкрылася 25 лютага 2014 года: «Працэс» прадэманстраваў вынікі працы выпускнікоў адукацыйнага курсу, які вялі галоўны рэдактар і кіраўнік фотаслужбы часопісу «Русский репортёр» Андрэй Паліканаў, фатографы Юрый Козыраў, Таццяна Плотнікава і Стэнлі Грын. Пасля скасавання дамовы арэндадаўцам у канцы 2014 года ЦЭХ пераехаў у новае памяшканне, якое адкрылася 14 красавіка 2015 разам з выставаю працаў Наталлі Кавалевіч і Настассі Храловіч «Твар, які займае кветку». 8 чэрвеня 2015 пры падтрыманні праекту «Auditorium» стартаваў цыкл лекцыяў па гісторыі мастацтва, якія чытае культуролаг Таццяна Зайдаль.

Экспазіцыя ўлучае ў сабе не толькі дакументацыю часткі дзейнасці, якая праходзіла ў прасторы за ўвесь час яе існавання, але і адмыслова запісаныя відэа, у якіх нашыя сябры і калегі адказваюць на два пытанні: у чым вы бачыце плюсы і мінусы цяперашняга ЦЭХу? Якім вы хочаце бачыць ЦЭХ у будучыні? Запрашаем усіх ахвотных пакінуць уласныя відэазвароты, якія будуць дэманстравацца ў прасторы выставы без цэнзуры і мантажу, вітаючы такім чынам любую канструктыўную крытыку.


Куратарская каманда:
Вера Кавалеўская
Антаніна Серакова
Андрэй Лянкевіч

Дызайн:
Ігар Юхневіч