Куды пайсці ў выхадныя 7–9 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 7–9 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
Тыдзень праляцеў – час адпачываць. Сабралі шмат розных івэнтаў, якія плануюцца на гэтых выхадных: ад майстар-класаў да праглядаў рэтра-стужак. Выбірайце на свой густ і настрой.

Тыдзень праляцеў – час адпачываць. Сабралі шмат розных івэнтаў, якія плануюцца на гэтых выхадных: ад майстар-класаў да праглядаў рэтра-стужак. Выбірайце на свой густ і настрой.

МІНСК

Пятніца: завітайце на велікодны майстар-клас па распісванні яек

7 красавіка, 11:00.

Майстэрня «Ярна» (ст. м. «Малінаўка», адрас паведамяць асобна).

Кошт: 25 руб. Па запіс на ўдзел звяртайцеся ў дырэкт.

7 красавіка ў майстэрні «Ярна» пройдзе файны велікодны майстар-клас па пісанках. Пад далікатным кіраўніцтвам народнай майстрыхі Беларусі Наталлі Сухой вы засвоіце чатыры традыцыйныя тэхнікі аздаблення яек: крапанку, пісанку, шкробанку ды крашанку. Бонусам ідзе арт-медытацыя, бо спадарыня Наталля да таго ж дасведчаная арт-тэрапеўтка.

З сабой просяць прынесці 10 белых вараных яек і трошкі натхнення.

Пятніца: паслухайце лекцыю па гістарычнай беларускай кухні і пакаштуйце бульбяныя локшыны

7 красавіка, 18:30.

Вул. Кісялёва, 38.

Кошт: 55 руб. Рэгістрацыя тут.

 

У пятніцу ў лекторыі «Фрэскі» стартуе другая плынь лекцый-дэгустацый гістарычнай беларускай кухні з Аленай Мікульчык, шэф-поваркай, даследчыцай кулінарыі і аўтаркай кнігі «Шляхецкая кухня».

Вас чакае кулінарнае падарожжа ў гісторыю беларускай кухні, знаёмства са старажытнымі рэцэптамі і тэхналогіямі, кухняй каралёў, сістэмай здаровага харчавання. А самае галоўнае – вы будзеце не толькі чуць і бачыць, але і дэгуставаць. І нават нешта зможаце прыгатаваць самі.

Тэма лекцыі 7 красавіка – «Гісторыя з’яўлення бульбы ў Еўропе і Беларусі. Уся праўда аб драніках». Даведаецеся, як бульба здзейсніла кулінарную рэвалюцыю, як узвысіла адны народы і загубіла іншыя. На майстар-класе і дэгустацыі вас чакае беларускі прадзед чыпсаў – бульбяныя локшыны з дзвюма падліўкамі.

Пятніца: схадзіце патанчыць пад самую шчырую музыку

7 красавіка, 23:00.

Modul Аrt Рlatform (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Кошт: 10 руб. – з рэпостам да 18:00 пятніцы; 20 руб. – без рэпоста.

Legendary Grooves – гэта магчымасць пераканацца ў шматграннасці грува і вывучыць вялізны культурны пласт, які стаў асновай для многіх жанраў і застаецца актуальным цяпер.

За адну ноч вы зможаце патанчыць пад фанк, дыска, хіп-хоп і хаўс.

Субота: паглядзіце стужку эпохі Новага Галівуду

8 красавіка, 19:30.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3, 2-і паверх).

Кошт: 10 руб. (білеты тут).

У рамках рэтраспектывы «Новы Галівуд» ад праекта Cinemascope на Кастрычніцкай будуць круціць стужку «Французскі сувязны» Уільяма Фрыдкіна.

Эпоха Новага Галівуду адрознівалася творчай свабодай у рамках студыйнай сістэмы: аўтараў не абмяжоўвалі ні ў выбары тэм, ні ў тым, як іх падаваць. Дзякуючы гэтаму амерыканскія карціны таго часу практычна сцерлі грань паміж камерцыйным кіно і інтэлектуальным.

Паказ будзе адбывацца на мове арыгінала з рускімі субтытрамі.

Субота і нядзеля: не прапусціце прэм’еру спектакля паводле Данііла Хармса

8 і 9 красавіка, 19:00.

Вул. Крапоткіна, 44.

Кошт: ад 23 руб. (білеты тут).

Гэтымі выхаднымі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца прэм’ера спектакля «Вось я і прыйшла!» паводле Данііла Хармса. Новая пастаноўка – прастора парадокса, гратэску і гульні падсвядомасці галоўнага героя.

Завітайце ў дзіўны, поўны абсурду свет пісьменніка, які аднойчы атрымлівае заказ напісаць твор. На дапамогу нашаму герою прыходзіць Старая. Старая? А потым яшчэ адна… І яшчэ адна… Яны рознымі спосабамі заклікаюць пісьменніка пісаць: то ўгаворваюць яго, то супакойваюць, то б’юць, то пужаюць, то абдымаюць, то знікаюць. Хто гэтыя Старыя і ці рэальныя яны наогул?

Рэжысёр – Аляксандр Бародка.

Усе выхадныя: завітайце на выставу і паразглядайце роспіс на шкле

Да 15 красавіка.

Мастацкая галерэя «Цэнтр» (вул. Гікалы, 4).

Кошт: 3 руб. – дарослым, 1 руб. – школьнікам і студэнтам.

5 красавіка ў Мінску пачала працаваць цудоўная выстава «відзікаў» – твораў беларускага традыцыйнага роспісу на шкле. Тут можна пабачыць процьму розных шкляных маляванак: і аўтэнтычныя экспанаты, прывезеныя з беларускіх вёсачак ды гарадоў, і артэфакты з музейных фондаў, і відзікі з прыватных калекцый, і нават шкляныя абразы, якіх па ўсёй Беларусі збераглося толькі два дзясяткі.

Усе выхадныя: прайдзіце па выставе графічных творах знакамітых мастакоў

Да 23 красавіка.

Палац мастацтва (вул. Казлова, 3).

Кошт: 10 руб. – дарослым, 5 руб. – школьнікам і студэнтам.

З 4 красавіка ў Палацы мастацтва працуе выстава Terragraphica, дзе можна пабачыць графічныя творы мноства знакамітых мастакоў – ад Пабла Пікаса да Валерыя Славука. Праект ставіць сабе задачу прыадчыніць для гледача дзверы ў неверагодны свет графікі і пазнаёміць яго з лепшымі мастакамі-графікамі, якія складаюць залаты фонд сусветнага мастацтва.

Сярод аўтараў выставы – вядомыя шырокай публіцы імёны: Пабла Пікаса, Сальвадор Далі, Уільям Хогарт, Напалеон Орда, Осіп Цадкін і Марк Шагал; класікі беларускай школы графікі – Анатоль Тычына, Сямён Герус, Васіль Шаранговіч, Георгій Паплаўскі, Уладзімір Басалыга і іншыя. Усяго экспазіцыя складаецца з больш чым 300 твораў графікі з прыватных калекцый, а таксама збору Беларускага саюза мастакоў.

Усе выхадныя: выбрацца на каву і пабачыць творы мастакоў з інклюзіўнай майстэрні

8-9 красавіка.

Кнігарня-кавярня «Маркс» (вул. К. Маркса, 11).

Кошт: бясплатны.

У кнігарні-кавярні «Маркс» ідзе файная выстава «Ззянне наскрозь». Тут можна пабачыць творы мастакоў з інклюзіўнай майстэрні «Краіна Оз», якая працуе пры аддзяленні дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю і людзей сталага ўзросту.

Гэта тонкія, ясныя, жывыя працы творцаў малапрыкметных, амаль нябачных – і ўсё ж відавочных. Усе працы нараджаюцца насуперак і скрозь – насуперак адсутнасці матэрыялаў, цяжкасцям у падрыхтоўцы працэсу і замацаваным у свядомасці мадэлям успрымання.

Усе выхадныя: паглядзіце італьянскае кіно

Да 23 красавіка.

Кінатэатр «Цэнтральны».

Кошт: ад 9 руб.

Да 9 красавіка ў кінатэатры «Цэнтральны» будуць круціць італьянскае кіно. У праграму ўвайшлі камедыі апошніх гадоў. Рамантычныя, драматычныя разнажанравыя фільмы, якія пагрузяць вас у італьянскае жыццё.

  • 7 красавіка – рамантычная камедыя «Мая другая палавінка» (2021);
  • 8 красавіка – камедыйная меладрама «Каханне без памяці» (2021);
  • 9 красавіка – камедыя «Лакдаўн па-італьянску» (2020).

ВАРШАВА

Пятніца: завітайце на канцэрт беларускай рэжысёркі і музыкі CHORNABROVA

7 красавіка, 19:00.

Арт-прастора Stomatologia (Targowa 66, lok. 15).

Кошт: 30 злотых (заказаць квіткі тут).

7 красавіка беларуская рэжысёрка і музыка Паліна Дабравольская, якую многія ведаюць як CHORNABROVА, грае канцэрт у Варшаве. Яе музыка – гэта эклектыка: будзе вам і дарк-хоп, і фальклор з электронікай, і зусім неймаверныя спалучэнні ўсяго з усім, а яшчэ – моцныя тэксты.

Пятніца: схадзіце на прэзентацыю фотаальбома «Я хачу дадому»


7 красавіка, 18:30.

«Беларускі моладзевы хаб» (plac Konstytucji 6).

Кошт: бясплатны.

7 красавіка ў «Беларускім моладзевым хабе» адбудзецца прэзентацыя фотаальбома пра Мінск «Я хачу дадому». На івэнце таксама можна будзе пазнаёміцца з аўтарамі твораў і парэфлексаваць на тэму дома и вымушанай эміграцыі з псіхалагіняй Валяй Сарокай.

Фотаальбом «Я хачу дадому» быз створаны па матывах выставы, якую ў кастрычніку 2022 года арганізавалі рабяты з арт-суполкі Heartbreaking Performance. У альбом увайшлі здымкі Мінска розных гадоў да 2020-га.

Субота: адарвіцеся на канцэрце Светы Бень і Галі Чыкіс

8 красавіка, 18:30.

Odessa Club (Kolejowa 8/10).

Кошт: ад 70 злотых (білеты тут).

8 красавіка Света Бень і Галя Чыкіс граюць у Варшаве канцэрт і прэзентуюць свой першы сумесны альбом «Прыём!» Прыходзьце сёрфіць ды паглыбляцца ў хвалі эмоцый – ад безнадзейна адчаю да нястрыманай надзеі.

ГДАНЬСК

Усе выхадныя: правядзіце час на выставе беларускай мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай

Да 5 мая.

Кавярня Lawendowa8 (Lawendowa 8).

Кошт: бясплатны.

З 5 красавіка ў Гданьску працуе выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Я бяру свой гнеў з сабой». На выставе – самыя новыя арт-аб’екты, створаныя літаральна ў сакавіку 2023 года. Творы расказваюць пра шырокі спектр дыскамфортных эмоцый, якія людзі знаходзяць у сабе і спрабуюць схаваць нават ад сябе.

СОПАТ

Пятніца: паслухайце чытку п’есы «Дом на мяжы»

7 красавіка, 19:00.

Офіс Таварыства беларусаў на Памор’і (ul. Malczewskiego 21).

Кошт: 35 злотых на ўваходзе гатоўкай. Рэгіструйцеся тут.

7 красавіка беларускі незалежны «Тэатр_безназвы» запрашае на чытку па п’есе Славаміра Мрожака «Дом на мяжы». Гэта п’еса ў жанры абсурду, дзе сутыкаюцца два светы: свет простых людзей і шалёны – дзяржавы і чыноўнікаў. Тэма, на жаль, застаецца актуальнай. А мы паспрабуем з гэтага пасмяяцца, бо як па-іншаму?

Чытка адбудзецца на рускай мове.

ВIЛЬНЮС

Субота: стаць удзельнікам фотапраекта «Быць, а не падавацца»

8 красавіка, 11:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g. 5).

Кошт: 10 еўра.

Вас запрашаюць стаць значнай часткай фотапраекта «Быць, а не падавацца». Спалучэнне фатаграфіі і псіхалогіі дасць вам магчымасць убачыць сябе такімі, якія вы ёсць на самой справе. Асноўная ідэя ў тым, што сапраўдная прыгажосць і прывабнасць зыходзяць з таго, як мы сябе адчуваем унутры.

Што вас чакае?

  • Партрэтныя фатаграфіі кожнага ўдзельніка перад трэніроўкай.
  • Праца псіхолага з заціскамі – практыка будзе накіравана на іх ухіленне. Цялесныя заціскі часта перашкаджаюць раскрыццю асобы і эмацыйнага стану.
  • Партрэт кожнага пасля трэніроўкі.

Удзельнікі праекта: група з шасці чалавек, таму колькасць месцаў абмежавана.

Субота: паслухаць пра правальныя вандроўкі (ці самім расказаць пра такія)

8 красавіка, 19:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g. 5).

Кошт: ахвяраванне.

Усіх-усіх запрашаюць правесці суботу на «Ночы правалаў», дзе кожны і кожная змогуць расказаць (а іншыя – паслухаць) гісторыі пра пацешныя вандроўкі, няўдалыя спробы зразумець мясцовыя звычаі, пра страчаны багаж і нечаканыя сітуацыі, якія прывялі да сапраўдных прыгод.

Што патрэбна, каб прыйсці паслухаць?

  • Зарэгістравацца;
  • прынесці якаю-небудзь купюру – free donation;
  • узяць з сабой добры настрой і цёплую падтрымку для тых, хто будзе выступаць.

 

Фото: Rezka.ag, Unsplash.com.

#Беларусь #Варшава #Вильнюс #Грузия #Минск
поделиться