Куды пайсці ў выхадныя 24–26 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 24–26 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
Наперадзе – апошнія выхадныя сакавіка. Беларусы многіх краін і гарадоў будуць святкаваць Дзень Волі. Але заняцца можна будзе не толькі гэтым.

Наперадзе – апошнія выхадныя сакавіка. Беларусы многіх краін і гарадоў будуць святкаваць Дзень Волі. Але заняцца можна будзе не толькі гэтым.

МІНСК

Чацвер–нядзеля: завітайце на дабрачынную барахолку KaliLaska

23–26 сакавіка.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

 

Барахолка KaliLaska кліча мяняць зімовы гардэроб на вясновы. Абяцаюць мужчынскае і жаночае адзенне, абутак, сумкі і аксесуары. Таксама будуць кнігі, посуд, упрыгажэнні, інтэр’ерныя рэчы, паштоўкі і пласцінкі.

Абнаўляць і папаўняць тавары будуць кожны дзень. Завітаць можна з 12:00 да 21:00.

Пятніца–нядзеля: схадзіце на практыкум па дамашніх раслінах

24–26 сакавіка, 14:00.

Батанічны сад.

Удзел: 5 руб. (дадаткова – 10 руб. за ўваход у сад).

 

Падчас двухгадзіннага практыкума навуковыя супрацоўнікі падзеляцца шматгадовым вопытам вырошчвання трапічных раслін, дапамогуць разабрацца ў разнастайнасці пакаёвых кветак, пазнаёмяць з самымі папулярнымі пакаёвымі раслінамі і адкажуць на ўсе пытанні, якія вас цікавяць.

Месца правядзення – экспазіцыйная аранжарэя. Без папярэдняга запісу.

Субота: пачніце выхадныя з лекцыі пра соў

25 сакавіка, 10:00.

Біяфак БДУ (вул. Курчатава, 10).

Удзел: вольны (рэгістрацыя).

У суботу вас клічуць на новую лекцыю з цыкла «ProПтиц на биофаке». Арнітолаг Віталь Сахвон раскажа, калі і дзе шукаць соў, у чым сакрэт бязгучнага палёту, на колькі градусаў паварочваецца савіная галава, навошта совам тры пары павек, дзе на самой справе вушы ў вушатай савы, якая сава самая бясстрашная, як пасяліць соў каля свайго жылля і іншае.

А яшчэ для ўсіх слухачоў лекцыі ўваход у заалагічны музей БДУ бясплатны. Толькі вазьміце з сабой пашпарт (ва ўніверсітэце прапускная сістэма).

Субота: навучыцеся рабіць беларускую традыцыйную вышыўку на вопратцы

 

25 сакавіка, 12:00.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Удзел: 55 руб.

У суботу праект «Этыка» ладзіць майстар-клас па традыцыйнай вышыўцы. Гэтым разам вышываць будуць традыцыйныя беларускія матывы на вопратцы (якую вы самі прынесяце). Таму калі вы даўно хацелі займець дызайнерскую рэч з беларускімі ўзорамі, то маеце шанц вышыць яе ўласнымі ручкамі.

Падчас майстар-класа вы засвоіце базавыя тэхнікі вышыўкі ды створыце свой непаўторны арт-аб’ект. Колькасць месцаў абмежавана, запіс праз дырэкт.

Субота: паглядзіце спектакль «Медэя»

25 сакавіка, 18:00.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: 15 руб. (тут).

Спектакль «Медэя» – гэта інтэрпрэтацыя аднайменнай п’есы Жана Ануя. Гісторыя пра каханне, якое часам прымушае нас пакутаваць. Мы не хочам прымаць рэальнасць, якая палохае. Адна частка нас прагне пакуты, другая ўсё разумее і хоча супакоіцца.

Субота–нядзеля: абнавіце гардэроб на вялікім модным маркеце

 

25-26 сакавіка.

ТРЦ Palazzo.

Уваход: вольны.

У суботу і нядзелю ў ТРЦ Palazzo будзе праходзіць вялікі модны маркет, дзе беларускія дызайнеры і рамеснікі збяруцца ў адным месцы. А пакупнікам будзе зручна паглядзець адразу ўсё і выбраць, што больш падабаецца. Будуць адзенне, упрыгажэнні і аксесуары.

У суботу пачнуць а 10-й, у нядзелю – а 11-й. Працаваць будуць да 20:00.

Нядзеля: дапамажыце бяздомным хвосцікам ці забярыце аднаго сабе

26 сакавіка, з 13:00 да 18:00.

Прастора «Фабрыка» (пр-т Машэрава, 11/2).

Уваход: вольны.

У прасторы «Фабрыка» пройдзе дабрачынная акцыя «Дарога дадому». Арганізацыя «Эгіда» прывязе 100 сабак і катоў – самых розных па ўзросце, памеры, знешнасці і тэмпераменце, але абсалютна здаровых, прышчэпленых і гатовых да пераезду ў сям’ю.

Вы зможаце з усімі пазнаёміцца і знайсці сабе сябра. Жывёлы аддаюцца бясплатна. Будучых уладальнікаў чакае невялікая гутарка з куратарам, заключэнне дамовы (спатрэбіцца пашпарт). Таксама можна будзе атрымаць бясплатную кансультацыю ветэрынара, напамінак для ўладальніка і падарункі ад арганізатараў.

Нядзеля: купіце білет на перформанс «Вясной расцвітаюць сэрцы»

26 сакавіка, 16:00.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Кошт: 12 руб. (тут).

Плэйбэк-тэатр «Свой дах» – гэта сучасны тэатр, дзе гісторыі гледачоў тут і цяпер ператвараюцца ў мастацкі твор. Ва ўтульнай атмасферы ствараецца творчая прастора, у якой людзі становяцца крыху бліжэйшымі адзін да аднаго праз свае гісторыі і праз дыялог, які так патрэбны ўсім нам.

Новыя знаёмствы, спантанная музыка і грацыя мудрагелістых катоў з выставы «Джаз! Каты! Вясна!» будуць садзейнічаць вясноваму настрою.

ВАРШАВА

Субота: адсвяткуйце Дзень Волі з іншымі беларусамі

25 сакавіка.

Розныя месцы ў Варшаве.

У суботу беларусы Варшавы будуць святкаваць Дзень Волі і пачнуць са святочнага мітынгу. Збор – у 12:45 ля калоны Жыгімонта. У 15:00 на plac Zamkowy пачнецца мітынг-канцэрт з удзелам розных палітыкаў ды беларускіх музыкаў, сярод якіх – Dzieciuki, NRM, 23:34, Пятро Клюеў, Šuma, Ketevan, Сяржук Доўгушаў, Lity Taler, «Дом сувязі», Atesta і «Музычны рух».

А ў 18:30 яшчэ можна завітаць у Музей вольнай Беларусі на квіз «А што ты ведаеш пра БНР?», у які іграюць беларусы па ўсім свеце з нагоды Дня Волі. Удзел у квізе бясплатны, але патрэбна рэгістрацыя.

Нядзеля: паслухайце лекцыю пра Паола Сарэнціна

26 сакавіка, 14:00.

Ul. Bracka, 20 (1-ы паверх)

Кошт: 75 зл.

У нядзелю вас запрашаюць на лекцыю пра выдатнага Паола Сарэнціна. На думку крытыкаў, гэта адзін з самых таленавітых кінематаграфістаў, якія заявілі пра сябе ў XXI стагоддзі. Маэстра з’яўляецца не толькі таленавітым рэжысёрам поўнаметражных карцін, але і ўмелым стваральнікам паспяховых серыялаў: ён спалучаў у іх добры камерцыйны прадукт, зразумелую для гледача і аўтарскую візуальную мову.

У рамках лекцыі Даша Брыян раскажа пра цікавыя рэжысёрскія прыёмы, якія выкарыстоўвае Сарэнціна ў сваіх працах. Напрыклад, ён часта кажа, што літаратура яму падабаецца больш, чым кіно, таму яго сцэнарыі – гэта, хутчэй, літаратура.

Нядзеля: згуляйце ў музычны квіз

26 сакавіка, 19:00.

Unknown Lounge&Cocktail Bar (Nowogrodzka, 31).

Удзел: 35 зл. з чалавека.

Збірайце сяброў і рэгіструйце каманду на музычны квіз – адгадваць песні, кліпы ды выканаўцаў. Нават калі не станеце чэмпіёнамі, усё адно добра пабавіце час.

ГДАНЬСК

Субота: далучыцеся да іншых беларусаў, каб адсвяткаваць Дзень Волі

25 сакавіка.

Розныя месцы ў Гданьску.

Беларусы Гданьска таксама будуць святкаваць Дзень Волі. Пачнуць з імшы – малітвы за Беларусь у 9:30 у Каралеўскай капліцы (вул. Святога Духа, 58). У 10:30 адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак на магілах беларускіх дзеячоў (Гарнізонныя могілкі, вул. Дамброўскага, 2).

У 11:30 распачнецца марш салідарнасці і мітынг супраць рэпрэсій у Беларусі: ад Гарнізонных могілак рушаць да Помніка забітым работнікам верфі ля Еўрапейскага цэнтра салідарнасці. З 12:00 да 16:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці будзе праходзіць кірмаш беларускай літаратуры, рамёстваў і мастацтва, марафон пісання лістоў беларускім палітвязням.

У 14:00 у бібліятэцы Еўрапейскага цэнтра салідарнасці вас чакае дыскусія «Спадчына Беларускай Народнай Рэспублікі» з удзелам Андрэя Хадановіча, Уладзіміра Арлова і Алены Глагоўскай. А 16-й усіх запрашаюць у галоўную залу на канцэрт Вольнага хору і Вольнага аркестра. Будзе прэзентацыя новага альбома!

ВІЛЬНЮС

Пятніца: паслухайце злоснага культурнага аналітыка і галоўную сволач белкульта

24 сакавіка, 19:00.

Omni Academia (Aukštaičių g., 6-30).

Білеты: 15 еўра (рэгістрацыя).

У пятніцу ў Omni Academia адбудзецца вечар «РадыёМакс», дзе Максім Жбанкоў будзе чытаць сваё. Злосны культурны аналітык і галоўная сволач белкульта адкрывае сезон аўтарскай чыткі выдадзенага і нявыдадзенага.

Разборы і наезды, прызнанні і адкрыцці, пачуцці ўшчэнт і думкі ўсмятку, стэндап для разумнікаў, суцяшэнне мігранта. Карацей, вербальны гон пад палёны саўндтрэк.

Пятніца і нядзеля: паўдзельнічайце ў перфарматыўнай лабараторыі

24 і 26 сакавіка, 19:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: free donation (рэгістрацыя).

Вас чакае трэнінг па акцёрскім майстэрстве, на якім удзельнікі разам створаць маленькі перформанс-паказ, прысвечаны Вільнюсу. Удзел у праекце адкрыты для ўсіх. Усё, што трэба, – даверыцца сабе для новага досведу, адкінуць усе страхі і прыйсці на першую сустрэчу.

Куратарка лабараторыі – Юлія Варык, студэнтка тэатральнай праграмы ЕДУ, удзельніца і аўтарка тэатральных перформансаў і спектакляў.

Нядзеля: напішыце дыктоўку з Маляванычам і згуляйце ў квіз

26 сакавіка, 17:00.

Беларускі замак (N. Riovoniu, 10).

Удзел: бясплатны.

Беларусы Вільнюса запрашаюць на дыктоўку для дарослых, якую будзе чытаць Маляваныч, а таксама ладзяць адукацыйную гульню-квіз для тых, хто хоча пацешыцца і пашырыць свае веды пра гісторыю БНР.

Пасля дыктоўкі будзе перапынак на каву. Далучайцеся і данасіце штосьці да агульнага стала.

ЛЬВОЎ

Пятніца–субота: збярыцеся са «сваімі», каб адзначыць Дзень Волі

24-25 сакавіка.

Розныя месцы Львова.

У пятніцу ў «Доме Ваяра» (вул. Тараса Бабаніча «Хамера», 1а) адкрываецца выстава «З Украінай у сэрцы», прысвечаная беларускім ваярам, якія аддалі жыццё за свабоду Украіны, і героям, якія працягваюць гэту барацьбу.

У суботу будзе ўскладанне кветак да помніка паўстанцам Каліноўскага на Лычакаўскіх могілках (вул. Мечнікава, 33). Пачатак – а 12-й.

ПРАГА

Пятніца: схадзіце на канцэрт берасцейскага гурта znak stop

24 сакавіка, 19:00.

«Беларуская клюбоўня» (5. května, 1043/32).

Білеты: 200 крон, дзецям – бясплатна.

Напярэдадні Дня Волі, у пятніцу, 24 сакавіка, берасцейскі гурт znak stop запрашае на лямпавую вечарыну-канцэрт у стылі акустык-біт. Завітвайце, калі жывяце ў Празе ці будзеце там на выхадных.

ТБІЛІСІ

Субота: адсвяткуйце Дзень Волі з іншымі беларусамі

25 сакавіка.

Розныя месцы ў Тбілісі.

Беларусы Тбілісі таксама святкуюць Дзень Волі. Спачатку будзе афіцыйная частка: а 14-й беларусы збіраюцца ля Першай гімназіі (10 Shota Rustaveli Ave) і ў 14:30 рушаць святочным шэсцем у цэнтр Тбілісі, дзе будзе ўрачысты мітынг.

А пасля мітынгу, а 16-й, пачнецца частка неафіцыйная – у бары Bunker (9 0105 Mikheil Lermontovi St). Абяцаюць квіз (рэгістрацыя), выступы беларускіх музыкаў, стэндап, караоке, дабрачынны аўкцыён і шмат іншых цікавых актыўнасцей.

БАТУМІ

Пятніца: згуляйце ў квіз з нагоды Дня Волі

24 сакавіка, 20:00.

Прастора «Аксяродак» (вул. Метакса, 4).

Удзел: бясплатны (запіс тут).

У пятніцу беларусаў Батумі клічуць згуляюць у суперпуперквіз «А што ты ведаеш пра БНР?». Арганізатары абяцаюць невялічкія сувенірчыкі ўсім удзельнікам і смачны пачастунак.

Удзел вольны, трэба толькі зарэгістравацца.

#Беларусь #Варшава #Вильнюс #Грузия #Минск
поделиться