Куды беларусу пайсці ў Вільні? Тут гайд па старажытных могілках, дзе пахавана шмат вядомых нашых суайчыннікаў

Куды беларусу пайсці ў Вільні? Тут гайд па старажытных могілках, дзе пахавана шмат вядомых нашых суайчын...
Хочаце дакрануцца да беларускай гісторыі ў Вільні? Адпраўляйцеся на Росы – адзін з найстаражытнейшых некропаляў літоўскай сталіцы, дзе пахавана шмат знакамітых беларусаў.

Хочаце дакрануцца да беларускай гісторыі ў Вільні? Адпраўляйцеся на Росы – адзін з найстаражытнейшых некропаляў літоўскай сталіцы, дзе пахавана шмат знакамітых беларусаў.

Разам з Vilnius Relax мы правядзём эскурсію па могілках і раскажам пра лёс вядомых землякоў, якія знайшлі свой апошні прытулак на Росах.

Для пачатку: што такое Росы і чаму наведаць іх трэба кожнаму беларусу?

Росы – гэта найважнейшы аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны, самы старажытны некропаль Вільні і значнае для беларусаў, літоўцаў і палякаў месца. Нідзе ў Вільні больш няма такой канцэнтрацыі пахаванняў вядомых гістарычных асоб.

Пасля перапахавання на Росах паўстанцаў 1863-1864 гг. разам з ягонымі кіраўнікамі для беларусаў гэта месца, па сутнасці, стала галоўным нацыянальным пантэонам, які знаходзіцца за межамі роднай краіны. Гэта робіць Росы асаблівым месцам для тых, хто любіць гісторыю Беларусі і хоча ведаць пра яе больш.

А вось 16 адметных беларусаў, якія пахаваны тут

Кастусь Каліноўскі (1838–1864): нацыянальны герой Беларусі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года

Чым вядомы. Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года. Нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета, цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы.

Вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба.

Напачатку вясны 1861 г. вярнуўся на радзіму і пачаў стварэнне на Гродзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Улетку 1862 г. разам з паплечнікамі распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» – першай у гісторыі газеты на беларускай мове, кожны нумар якой быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага «Яська-гаспадар з-пад Вільні».

Увосень 1862-га стаў старшынёй Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 20 студзеня (1 лютага) 1863 года ўзначаліў створаны замест ЛПК Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі.

У чэрвені 1863 г. праз масавыя арышты паўстанцаў быў вымушаны вярнуцца ў Вільню, дзе ўвайшоў у Выканаўчы аддзел Літвы, які ўзначаліў пасля арышту старшыні камітэта, фактычна стаўшы і галоўным кіраўніком паўстання.

У ноч на 29 студзеня 1864 г. быў схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах і быў прысуджаны да пакарання смерцю на шыбеніцы. 22 сакавіка публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

У 2017 годзе астанкі Кастуся Каліноўкага выпадкова знайшлі пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільні. А 22 лістапада 2019 года ён і яшчэ 19 знойдзеных паўстанцаў былі перапахаваны ў капліцы на могілках Росы.

 

Францішак Аляхновіч (1883–1944): адзін з першых, хто апісаў жахі ГУЛАГу

Чым вядомы? Беларускі грамадскі дзеяч, драматург, пісьменнік, журналіст. Стваральнік першага беларускага тэатра. Аўтар шматлікіх п’ес, драм і камедый. Выдаваў часопіс Perkūnas. Быў рэдактарам газеты «‎Беларускае жыццё». Аўтар кнігi «‎Беларускі тэатр», а таксама твора «‎У капцюрох ГПУ». Адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай школы.

З-за «антыдзяржаўных» публікацый Аляхновіч неаднаразова трапляў пад следства і рэпрэсіі. У студзені 1927 года быў асуджаны на 10 гадоў зняволення і трапіў у лагер на Салаўкі. У верасні 1933 года Саветы і Польшча абмяняліся палітвязняміі: Францішка Аляхновіча абмянялі на мовазнаўцу Браніслава Тарашкевіча.

У 1944 годзе Аляхновіч трагічна загінуў ад куляў невядомых каля сваёй кватэры ў Вільні. На могілках Росы знаходзіцца яго сімвалічная магіла.

Дарэчы, беларуская супольнасць Вільні распачала збор сродкаў на рэнавацыю помніка Францішку Аляхновічу. Часовы помнік, які быў усталяваны яшчэ ў 1993 годзе беларускай грамадой Вільні, апошнія гады знаходзіўся ў аварыйным стане. У 2021 годзе віленскія беларусы вырашылі часова прыбраць яго, каб зберагчы ад поўнага разбурэння, і ўсталявалі драўляны крыж.

Зараз актывісты імкнуцца зрабіць рэнавацыю арыгінальнага помніка і вярнуць яго на месца ў першапачатковым стане. Для гэтага неабходна сабраць прыкладна 6500 еўра. Вы таксама можаце дапамагчы – падрабязнасці тут.

 

Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869–1940): старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве

Чым вядомы? Беларускі архітэктар, грамадска-палітычны дзеяч, паэт і педагог. Атрымаў будаўнічую спецыяльнасць у Варшаве, скончыў Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў і Французскую акадэмію архітэктуры. Чытаў лекцыі па архітэктуры ў Гародні і Вільні. Быў дырэктарам мулярскай школы.

У беларускім нацыянальным руху актыўна супрацоўнічаў з Беларускай нацыял-сацыялістычнай партыяй, з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім. Узначальваў Беларускі камітэт у Варшаве. Быў сябрам рэдакцыйнай калегіі газеты «‎Беларускі фронт».

 

Галіна Войцік (1927–2007): прасоўвала беларускую мову ў Літве

Чым вядомая? Беларуская грамадская дзяячка, педагагіня, спецыялістка ў гісторыі нямецкай мовы. Выпускніца Віленскай беларускай гімназіі і Віленскага ўніверсітэта, выкладчыца Віленскага педагагічнага ўніверсітэта. Аўтарка кніг серыі «‎Партрэты віленчукоў» і рукапіснай кнігі «‎Там, дзе мяне няма».

З 1997 г. – галоўная рэдактарка беларускай культурна-асветніцкай перадачы на Літоўскім нацыянальным радыё.

Лявон Луцкевіч (1922–1997): заснаваў беларускія суполкі ў Літве і выступаў супраць камуністаў

Чым вядомы? Адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры ў Літве і Таварыства беларускай школы ў Літве, галоўны рэдактар беларускай культурна-асветніцкай перадачы на Літоўскім нацыянальным радыё. Аўтар кнігі «‎Вандроўкі па Вільні».

Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Падчас нямецкай акупацыі Вільні працаваў настаўнікам. Удзельнік антыкамуністычнага падполля. Адбываў пакаранне на Калыме.

 

Антон Луцкевіч (1884–1942): адзін з заснавальнікаў газет «Наша доля» і «Наша ніва», міністр замежных спраў БНР

Чым вядомы? Адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ў XX ст., гісторык, літаратуразнаўца, публіцыст, міністр замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў 1903 годзе.

Луцкевіч быў арыштаваны ў 1905 годзе. У 1916 г. заснаваў Беларускую сацыялдэмакратычную работніцкую групу, з 1918 г. стаў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Узначальваў Беларускі народны камітэт у Вільні (1916–1919), быў старшынёй Віленскай Беларускай рады (1918–1919). Быў адным з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці БНР (Акт 25 сакавіка 1918 г.).

З кастрычніка 1918 г. па люты 1920 г. – старшыня Рады народных міністраў БНР, народны міністр замежных спраў. Выступаў як крытык, літаратуразнаўца, публіцыст і перакладчык.

Адзін з заснавальнікаў і фактычных кіраўнікоў газет «Наша доля» і «Наша ніва». На могілках Росы знаходзіцца яго сімвалічнае пахаванне.

Іван Луцкевіч (1881–1919): адзін з ініцыятараў стварэння БНР

Чым вядомы? Беларускі археолаг і этнолаг, калекцыянер. Адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ХХ ст., адзін са стваральнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады ў Пецярбургу, актыўны ўдзельнік рэвалюцыйных дзеянняў Беларускай сацыялістычнай грамады ў Мінску.

З’яўляўся адным з ініцыятараў выдання беларускіх газет «‎Наша доля», «‎Наша ніва», «‎Гоман», а таксама стварэння беларускіх выдавецтваў. Разам з братам Антонам Луцкевічам быў ініцыятарам стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пачынальнік стварэння Віленскай беларускай гімназіі ў Вільні і заснавальнік збору Віленскага беларускага музея.

Цяжка хварэў на сухоты. Лячэнне на курорце ў польскіх Закапанах не дапамагло, і ў 1919 годзе Іван Луцкевіч памёр. Яго прах, прывезены з Польшчы ў 1991 г., быў перазахаваны на віленскіх могілках Росы.

 

Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.) (1869–1922): пісьменнік, якога вы праходзілі ў школе

Чым вядомы? Аўтар перакладаў на беларускую мову зборнікаў апавяданняў, шэрагу рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў. Яго раман «‎Золата» застаўся няскончаным.

Беларускі публіцыст, празаік і драматург. Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у 1890 г. быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Адбываў тэрмін ў Бутырскай турме.

У 1909–1910 гг. жыў у Вільні, некаторы час працаваў сакратаром, затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». Працаваў у рэдакцыі газеты «‎Беларус». Быў тэхнічным рэдактарам беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Мінску.

 

Уладзіслаў Паўлюкоўскі (Улад-Ініцкі) (1895–1955): удзельнічаў у выданні беларускіх календароў, кніжак і падручнікаў

Чым вядомы? Беларускі паэт, празаік, этнограф, мастак і краязнаўца. Аўтар шэрагу перакладаў, вершаў і апавяданняў.

Працаваў у канцылярыі маёнтка князя Радзівіла. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі. У сярэдзіне 1920-х г. пераехаў у Вільню, супрацоўнічаў з Беларускай рэвалюцыйнай грамадой. Пісаў у часопісы «‎Маланка», «‎Шлях моладзі», «‎Авадзень», афармляў мастацкія кніжкі, календары і падручнікі.

Быў арыштаваны ў 1926 г. і адбываў зняволенне ў Лукішскай турме. Другі раз арыштаваны ў 1939 годзе і накіраваны ў канцлагер Картуз-Бяроза.

З 1945 па 1948 гг. працаваў дырэктарам Літаратурнага музея А. Пушкіна ў Вільні. У 1948-м зноў арыштаваны і этапаваны ў Мінск. Быў асуджаны на 10 гадоў лагераў, аднак са зняволення яго вызвалілі ў 1953 г. У родную Вільню Паўлюкоўскі вярнуўся паралізаваным.

 

Станіслаў Станкевіч (1886–1964): заснаваў беларускую кнігарню і прасоўваў выдавецтва беларускіх кніг

Чым вядомы? Беларускі грамадска-культурны дзеяч, паэт, выдавец. Аўтар двух зборнікаў вершаў: «Сьмех ня грэх» і «З майго ваконца». Працаваў у кнігарні Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. З’яўляўся актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху.

У 1926 годзе заснаваў уласную беларускую кнігарню, якая дзейнічала да Другой сусветнай вайны. Удзельнічаў у выданні беларускага адрыўнога календара і беларускіх кніг.

Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі ў 1945 годзе і высланы на Урал. Праз дзесяць гадоў вярнуўся на радзіму і неўзабаве быў рэабілітаваны.

 

Альбін Стэповіч (1894–1934): дзякуючы яму мы ведаем больш пра беларускія нацыянальныя песні

Чым вядомы? Беларускі грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху пачатку ХХ ст., кампазітар і музыказнаўца, літаратурны крытык і публіцыст, выдавец.

Атрымаў адукацыю ў Казанскім і Віленскім універсітэтах. Кіраваў беларускім хорам у Вільні, а таксама выкладаў музыку і спевы ў Віленскай беларускай гімназіі.

Быў аднам з заснавальнікаў Беларускага кааператыўнага земляробча-прамысловага банка ў Вільні. Кіраваў віленскай суполкай Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, уваходзіў у яго адміністрацыйна-кіраўнічыя органы.

Выбітны дзеяч беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Аўтар навукова-папулярных нарысаў па праблемах беларускай музычнай культуры і нацыянальнай песні.

 

Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк) (1890–1926): cвятар, дзякуючы якому ў шматлікіх касцёлах пачалі весці службы па-беларуску

Чым вядомы? Беларускі каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, паэт і музыкант. Скончыў Пецярбургскую духоўную семінарыю. Супрацоўнічаў з беларускімі газетамі «‎Наша ніва», «‎Беларус».

Ініцыятар адкрыцця беларускіх школ і актыўны прапагандыст беларускамоўных служэнняў у касцёле. Аўтар шматлікіх вершаў, літаратурных эсэ, публіцыстычных апавяданняў і рэлігійных артыкулаў.

 

Уладзіслаў Талочка (1887–1942): святар, які дапамагаў пацярпелым ад вайны і бяздольным дзецям

Чым вядомы? Беларускі каталіцкі святар, гісторык, літаратурны крытык і педагог. Атрымаў адукацыю ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі і каталіцкім універсітэце Інсбрука (Аўстрыя).

Быў актыўным прыхільнікам правядзення каталіцкіх службаў па-беларуску. Стала супрацоўнічаў з літоўскімі культурнымі і асветніцкімі выданнямі: Draugija, Vadovas. Публікаваў свае матэрыялы ў часопісе Dwutygodnik Diecezjalny і падтрымліваў выданне беларускага часопіса «‎Беларус».

У 1915 г. – адзін з арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны і беларускага дзіцячага прытулку «‎Золак». Выкладаў у віленскіх беларускіх школах рэлігію і вёў адмысловыя курсы для непісьменных і працаўнікоў. Супрацоўнічаў з нямецкім, італьянскім, літоўскім, украінскім, польскім друкам.

З 20-х гадоў ХХ ст. трапляў пад рэпрэсіі. А з 1938 года загадам віленскага ваяводы быў прымусова выселены з Вільні.

 

Яўстах Тышкевіч (1814–1873): вядомы навуковец у галіне гісторыі і археалогіі

Чым вядомы? Беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнаўца, музеязнаўца і адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. Ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук, член Дацкага таварыства аматараў старажытнасці, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута. Граф з роду герба «Ляліва».

Тышкевіч быў вядомым навукоўцам у галіне гісторыі і археалогіі, даследчыкам старажытных курганоў, тэарэтыкам адзінага паходжання беларусаў і літоўцаў, а таксама літвінізму. Ён складальнік Віленскага музея старажытнасцей і аўтар шэрагу навуковых кніг, краязнаўчых прац і даследаванняў фальклору.

 

Людвіка Ямант (1833–1914): уваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні і дапамагала паўстанню

Чым вядомая? Людвіка Ямант – удзельніца паўстання 1863-1864 гг. Паходзіць з роду Ямантаў і з’яўляецца сястрой Марыі Ямант (каханай кіраўніка паўстання 1863 г. Кастуся Каліноўскага).

Уваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні. Актыўна дапамагала паўстанню 1863 года, а ў 1865 годзе за ўдзел ў ім была выслана ў Разанскую губерню.

 

Аляксандр Аскерка (1830–1911): шляхціч, які змагаўся за правы сялян

Чым вядомы? Беларускі грамадскі дзеяч, удзельнік паўстання 1863 года. Паходзіць са шляхетнага роду Аскеркаў. Нарадзіўся ў Рэчыцкім павеце, скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт.

З 1861 года – член Віленскага ўпраўлення па справах сялян. Актыўны прыхільнік стварэння беларускіх, польскіх і літоўскіх школ для сялян. У 1862 годзе – ініцыятар выдання беларускага буквара-катэхізiса.

У канцы лютага 1863 года ўвайшоў у кіруючыя структуры паўстання 1863 года. 31 мая 1863 года быў арыштаваны расійскімі ўладамі і асуджаны да смяротнага пакарання, якое пасля замянілі на катаргу ў Сібіры.

У 1872 годзе жыў у Варшаве. З 1885 па 1904 гг. працаваў дырэктарам філіі страхавога таварыства ў Вільні.

Хочаце пабачыць пахаванні знакамітых беларусаў на ўласныя вочы? Vilnius Relax праводзіць экскурсіі па Росах – прычым, нават у вячэрні і начны час. Падрабязнасці можна даведацца тут.

Фота: кніга «‎Беларускія старонкі Вільні»‎, vilnius-relax.lt, govilnius.lt.

#Вильнюс #Литва
поделиться