«За працу я атрымала 100 долараў». Гэту мінчанку называлі вундэркіндам, у яе была прэзідэнцкая стыпендыя, і яна жыла ў камуне хіпі. Вось што з дзяўчынай зараз

«За працу я атрымала 100 долараў». Гэту мінчанку называлі вундэркіндам, у яе была прэзідэнцкая стыпендыя...
У 14 у Сафіі выйшла першая кніга, пазней – яшчэ тры. У 15 наша гераіня стала пераможцай міжнароднага літаратурнага конкурсу, яе творы перакладалі на іншыя мовы. У яе бэкграўндзе эпітэты «юнае дараванне» і «надзея беларускай літаратуры», розныя стыпендыі, бясконцыя інтэрв’ю. А яшчэ – жыццё ў камуне хіпі, аўтаспын і ад’езд з Беларусі.

У 14 у Сафіі выйшла першая кніга, пазней – яшчэ тры. У 15 наша гераіня стала пераможцай міжнароднага літаратурнага конкурсу, яе творы перакладалі на іншыя мовы. У яе бэкграўндзе эпітэты «юнае дараванне» і «надзея беларускай літаратуры», розныя стыпендыі, бясконцыя інтэрв’ю. А яшчэ – жыццё ў камуне хіпі, аўтаспын і ад’езд з Беларусі.

CityDog.io сустрэўся з 18-гадовай Сафіяй Ворсай, каб паразмаўляць, як змянілася жыццё «літаратурнага вундэркінда» пасля паўналецця.

Дзіця з талентам: «Я праўдападобна ўсім хлусіла»

– У дзяцінстве ўсе мае ўнутраныя фантазіі вырываліся вонкі, таму я вельмі праўдападобна ўсім хлусіла, – расказвае Сафія. – Напрыклад, мы з кімсьці пражылі адзін агульны момант, і ўсе памятаюць, што насамрэч адбывалася. А я потым пачынала дадаваць у гэту гісторыю розныя небыліцы: як мы замест зайца дракона ўбачылі ці змаглі пераляцець з адной гары на іншую. Чамусьці людзі ў гэта верылі.

Бясшкодныя дзіцячыя прыдумкі Сафія вырашыла складаць у апавяданні, якія пісала «ў стол». Зрэшты, калі адно з іх трапіла да рэдактаркі часопіса «Роднае слова», які арганізаваў конкурс для дзяцей-пісьменнікаў, то стала зразумела: у малой мінчанкі талент на расповеды. Сафіі было 14, і яна выйграла той конкурс.

– Пасля перамогі мне адразу прапанавалі напісаць яшчэ 9 невялікіх апавяданняў і выпусціць маленькую кнігу. Я адразу пагадзілася і падпісала кантракт. За 100 долараў, якія мне паабяцалі, я павінна была за летнія канікулы прыдумаць гэтыя некалькі гісторый. Памятаю, жудасна злавалася, што замест прагулак з сябрамі мне даводзіцца сядзець за сталом і нешта дапісваць, – успамінае Сафія.

Ад бясконцых інтэрв’ю да ад’езду з Беларусі

За публікацыю другой кнігі «Горад аслеплых скрыжаляў» (гісторыя сляпой дзяўчыны і відушчага хлапчука) Сафія атрымала прэмію «Чалавек безбар’ернага асяроддзя – 2019» (за прасоўванне ідэй даступнага асяроддзя для невідушчых). Пасля выйшлі зборнікі апавяданняў «Рыба» і «Спідометр». Сафія станавілася літаратурнай зоркай.

– У маёй гімназіі была завуч, з якой у нас яшчэ да выхаду першай кнігі былі нейкія непаразуменні, – дзеліцца Сафія. – Пасля публікацыі апавяданняў яна за спінай пачала казаць маім сябрам, што я не магла напісаць кнігу сама. Маўляў, за мяне ўсё зрабілі бацькі. Я даведалася пра гэта, прыйшла да яе ў кабінет і сказала: «Што вы лухту нейкую несяце?»

У выніку Сафія пачала хварэць на «сіндром самазванкі» і нават калі працягвала супрацу з выдавецтвам, у гімназіі нікому нічога не расказвала. Тым не менш за «Горад аслеплых скрыжаляў» яна атрымала некалькі беларускіх і расійскіх дзяржаўных прэмій. Пасля гэтага дзяўчынка стала сапраўднай медыяперсонай. Яе запрашалі на прэс-канферэнцыі, дзяржаўныя ТБ, радыё і газеты літаральна разрывалі яе на часткі. Але Сафія прызнаецца: штораз перад інтэрв’ю яна плакала ад страху.

– Толькі праз два гады я стала пачувацца спакойна перад публічнымі выступамі. Цяпер для мяне слава – нешта з паралельнай рэальнасці. Галоўнае – рабіць сваю справу.

У 2020 годзе расійскі саюз пісьменнікаў узнагароздзіў дзяўчыну медалём і публікацыяй у зборніку.

Цяпер Сафія ўзяла паўзу ў пісьменніцкай кар’еры. Яна не дае інтэрв’ю беларускім дзяржаўным СМІ, а сама бярэ імправізаваныя в’ю ў вадзіцеляў фур. Пра яе, юны талент, больш не піша дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА, і ў эфір праграмы «Пін код» на БТ яна таксама больш не ходзіць.

Год таму Ворса пераехала ў Літву, каб «больш даведацца пра дарослае жыццё». Дзяўчына працуе ў офісе, вывучае дызайн і збірае матэрыял для новай кнігі. Якую, падаецца, будуць выдаваць ужо іншыя выдавецтвы: частка рэдакцый, з якімі дзяўчына супрацоўнічала раней, больш не працуе ў Беларусі.

Аўтаспын з 14 гадоў як спосаб пошуку сюжэтаў: «Кіроўца прапанаваў нам “траўку”»

У дзяцінстве Сафія займалася конным спортам. Заняткі праходзілі ў Ратамцы, куды за 1,5 рублі можна было даехаць з Мінска на маршрутцы.

– Старэйшыя дзяўчынкі з каманды неяк расказалі пра аўтаспын. Аказалася, так за праезд плаціць не трэба. Праходзіш колькі метраў ад прыпынку і стопіш машыну. Я, канешне, нічога не сказала бацькам, але пачала такім чынам ганяць на трэніроўкі. Грошы, якія яны мне давалі на дарогу, пакідала сабе, – расказвае Сафія.

У свой першы далёкі аўтаспын яна накіравалася ў 15 гадоў. Маршрут сягаў з Мінска праз Гомель у Пінск.

– Мы з сяброўкай па-кіношнаму стаялі на пустой трасе з вялізнымі заплечнікамі і таблічкамі з надпісам «Пінск». Нас падабралі нейкія мужчыны, якія адразу прапанавалі папаліць «траўку». Мы адмовіліся.

Пасля гэтай паездкі Сафія зразумела, што падсела на аўтаспын, пра які бацькі даведаліся праз два гады. За гэты час дзяўчына аб’ездзіла ўсю Беларусь.

Як пачалася «карона», Сафія з сяброўкай замест Магілёва выпадкова паехала ў Маскву.

– Нас паклалі «вальтамі» ў спальнікі, схавалі ў спецыяльным аддзяленні ў кузаве машыны і перавезлі праз мяжу. Пасля таго выпадку я зразумела, што магчыма ўсё. Мне абсалютна знесла голаву: пры любым зручным выпадку, не важна, была школа ці не, я з’язджала ў вандроўкі.

У некаторых гарадах, дзе Сафіі не было дзе заночыць, на дапамогу прыходзілі вулічныя музыкі.

– Проста падыходзіш да артыстаў на вуліцы і пытаешся, ці не ведаюць яны, дзе можна спыніцца. Так мяне занесла ў камуну, дзе жыло каля трыццаці чалавек. Я правяла з імі каля месяца, а потым вярнулася дадому, – дзеліцца Сафія.

Падобныя прыгоды дзяўчына паклала ў аснову кніг «Рыба» і «Спідометр». Гісторыі, якія расказваюць у дарозе яе спадарожнікі, Сафія запамінае, а потым пераказвае на свой лад.

– Мае кнігі – гэта тое, што мяне атачае. Першыя мае публікацыі былі пра дзіцячыя перажыванні, сацыяльныя праблемы, якія хвалявалі на той момант. Цяпер я пішу пра свабоду, пра свет, які адкрываецца новымі магчымасцямі, калі ты да гэтага гатовы.

Са сваімі літаратурнымі дасягненнямі дзяўчына магла без іспытаў прайсці ў некалькі ВНУ Беларусі. Пры гэтым сама Сафія думала толькі пра журфак БДУ, для паступлення ў які ёй не хапіла балаў атэстата.

– Пра вучобу ў Еўропе я нават не марыла. Гэта здавалася нечым далёкім і немагчымым роўна да таго часу, пакуль мой сябар не расказаў пра ЕГУ. Аказалася, што паступіць сюды было дастаткова проста, асабліва з маімі ўзнагародамі і прызамі.

Сафія кажа, што еўрапейская адукацыя прываблівае яе ў першую чаргу свабодай. Вяртацца ў Беларусь дзяўчына плануе, хаця пакуль што з-за працы і не можа гэтага зрабіць.

– Не магу расказаць, чым я зараз займаюся. Але магу адзначыць, што гэта незвычайны для мяне досвед, тут я ўвесь час вучуся чамусьці новаму.

Графіці Мумі-троляў на сценах розных будынкаў у Вільнюсе – гэта яе працы.

У Вільнюсе дзяўчына практыкуецца ў маляванні графіці, стварае ўласныя анімацыі і збірае матэрыял для наступнай кнігі. Па словах дзяўчыны, яна ўжо вырасла з чагосьці наіўнага і простага. Сваю будучую працу Сафія хоча зрабіць «маштабнай» і «грандыёзнай».

– Магчыма, гэта будзе вялікі графічны раман з маімі ілюстрацыямі і нечым яшчэ цікавым. Пакуль я проста жыву, трапляю ў розныя сітуацыі, вандрую. З усяго гэтага збіраю гісторыі, якія потым перакладу на старонкі кнігі. У галаве шмат сюжэтаў, але няма дакладнага ўсведамлення, што я набралася досведу настолькі, каб атрымалася нешта маштабнае. Бо інакш мне проста няма сэнсу пісаць.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў гераіні, Zorika.by.

#Беларусь #Литва
поделиться