Чароўны гардэроб мастачкі: лён, вінтаж і неверагодны стогадовы фартух з Палесся

Чароўны гардэроб мастачкі: лён, вінтаж і неверагодны стогадовы фартух з Палесся
Нават не ведаем, што тут казаць: проста глядзіце хутчэй гэты неверагодны гардэроб.

Нават не ведаем, што тут казаць: проста глядзіце хутчэй гэты неверагодны гардэроб.

Вікторыя, мастачка

– Маляваць я пачала яшчэ ў той час, калі дзеці яшчэ не ходзяць, а пераважна сядзяць на гаршчку. І з таго часу я спасцігаю новыя і новыя плыні мастацтва: жывапіс, кампазіцыя, малюнак, фатаграфія, інсталяцыя, анімацыя.

Не забывайцеся, што ў «Гардэробе» можна лайкаць вобразы.
Выбірайце самы круты!

Самая важная рэч тут – даматканы фартух з ручной вышыўкай з Палесся, які мне падарыла адна неверагодная жанчына падчас экспедыцыі ў тыя мясціны. Фартуху амаль 100 гадоў, ён неверагодна прыгожы. Ён мне вялікі, таму даводзіцца прыкрываць блузкай, якую я сшыла сама.

Я наогул вельмі люблю такое адзенне і калі-небудзь хачу стварыць калекцыю фартухоў.

Пад даволі просты сарафан, які я сшыла сама, апранаю гольф з прыадкрытай спінай.

Завушніцы – маёй любімай беларускай мастачкі, дызайнеркі і этнографкі Машы Мароз.

Гісторыю майго гардэроба можна назваць так: «Дзяўчынка, якая не магла набыць у крамах тое, што хацела апранаць». Менавіта таму мне давялося вучыцца шыць.

Першай рэччу, якую я пашыла, была льняная блузка. Я адразу ведала, што гэта будзе менавіта лён: ён тады быў не вельмі распаўсюджаны, але ў ім я бачыла агромністы патэнцыял. Нават нягледзячы на тое, што ён мнецца, а я чалавек, які цярпець не можа прасаваць адзенне. Для мяне гэта стала плюсам: ён першапачаткова такі, гэта яго асаблівасць.

Акрамя таго, з маленства я чую выслоўе: лён у спёку астужае, у холад – сагравае. Мабыць, лён у беларусаў у крыві? У мяне дакладна.

Цяпер я працую ў выдавецтве, і гэта мой працоўны вобраз.

Штаны пашыла па выкрайцы з часопіса 1980-х гадоў, кашуля і камізэлька – з крамы «Беларускі лён», бо мне было прасцей іх набыць, чым шыць самой.

Маю любімую заколку прывезла з падарожжа, яна цікава разбаўляе класічны вобраз.

Абутак – Vagabond.

І вось я пашыла блузу, схадзіла ў ёй на шыкоўнае спатканне, мне спадабалася… Але я чамусьці закінула гэту справу на некаторы час – пакуль у мяне не здарылася балючае растанне. Мне трэба было сябе чымсьці заняць.

Я пашыла сукенку, ёю зацікавіліся мае сяброўкі, я пачала ім шыць за матэрыял (каб навучыцца). І ў нейкі момант мяне панесла: заказаў было ўсё больш і больш – мне давялося стварыць асобны інстаграм.

Спіна – мая самая любімая частка чалавечага цела, таму я заўсёды падкрэсліваю яе ў сваіх вырабах, у вобразах, якія нашу. Вельмі люблю гэту сукенку.

Пад сукенку апранаецца пад’юбнік з празрыстага ружовага льну, каб можна было прыгожа закінуць ножку за ножку, а шлейкі сукенкі падкрэслены льняной сумачкай з бахрамой, якую я пашыла сама.

З таго часу я амаль не набываю вопратку, якую сама магу пашыць. 60% майго гардэроба – гэта рэчы, якія пашыла сама. Астатняе – сэканды, вінтажныя крамы і зусім трошкі – проста крамы, напрыклад COS.

Мне вельмі падабаецца, калі ў кожнай рэчы ёсць свая гісторыя.

Напрыклад, гэта бэжавая празрыстая сукенка 30-х гадоў – напэўна, самая дарагая сукенка, якая ў мяне ёсць. Я набыла яе ў вінтажнай краме ў бургундскім сяле ў Францыі. Яна каштавала вельмі вялікіх для мяне грошай, я апранула яе, заплакала, паехала дамоў – але пасля вярнулася на ровары ў трыццаціградусную спякоту.

Я не ведала, як і з чым яе буду насіць, таму, каб не бянтэжыць нікога веласіпедкамі і топам цялеснага колеру, апранаю пад яе нешта цёмнае, каб было бачна сілуэт.

Таксама пад яе ў мяне вінтажныя завушніцы з пярлінамі і гаманец у форме ракушкі – я набыла яго ў перуанцаў у Люксембургу.

Я не вельмі сачу за сучаснымі моднымі плынямі і не магу сказаць, што мне абсалютна падабаецца, як зараз апранаецца моладзь. Мне падабаецца, напрыклад, Yves Saint Laurent, я падпісана на некаторыя вядомыя дамы моды, але зноў жа не магу сказаць, што пільна за імі сачу.

Мой самы любімы летні вобраз.

Белую сукенку, якая на першы погляд падаецца вельмі простай, я апранала на вяселле, у самалёт, у цягнік, плавала ў ёй. Абажаю, што ў ёй можна плаваць, выбегчы на сонца, пасушыцца – і выглядаць па-хуліганску цудоўна, нібыта цябе нічога не клапоціць. Менавіта так я хачу выглядаць.

Дапаўняю яе саламяным капялюшам з Дудутак, прыгожай сіняй сумачкай з Люксембурга, якая нагадвае мне мае любімая валошкі, і пярсцёнкам сіняга колеру. Доўгі час я ніколі не здымала гэты пярсцёнак, бо яго мне падарыў хлопец. Цяпер гэта былы хлопец, а пярсцёнак я называю «заганным колам».

Саламяная сумка – беларускі брэнд Kanva.

Не ведаю, як можна ахарактарызаваць гэты стыль, але мой невялічкі брэнд называецца Left hand made clothes, таму што я ляўша, а ў ляўшэй усё заўсёды адбываецца нейкімі дзіўнымі шляхамі.

Мой стыль – гэта нейкая гармонія спалучэння ўсяго, што мне падабаецца, што мяне натхняе. Гэта ў поўным сэнсе незалежнасць, інтуіцыя і самаяўленне. А яшчэ гэта пра поўную натуральнасць, бо я амаль не раблю макіяж і рэдка раблю нешта з валасамі.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Беларусь #Минск
поделиться