Як выбраць бытавую хімію, якая не шкодзіць здароўю. Пачытайце гэты артыкул – і ўсё зразумееце

Як выбраць бытавую хімію, якая не шкодзіць здароўю. Пачытайце гэты артыкул – і ўсё зразумееце
Журналісты сайта аб альтэрнатыўным сельскім жыцці DownShifter.by разбіраліся, як не даць сябе надурыць, купляючы сродкі бытавой хіміі.

Журналісты сайта аб альтэрнатыўным сельскім жыцці DownShifter.by разбіраліся, як не даць сябе надурыць, купляючы сродкі бытавой хіміі.

Навошта вытворцы робяць свае тавары эка і што такое грынвошынг?

Несумленныя вытворцы бытавой хіміі і касметыкі зразумелі, што экадружалюбнасць уваходзіць у моду і пакупнік з вялікай доляй верагоднасці купіць менш шкодны для сябе і наваколля сродак.

Таму сталі ісці на хітрыкі, каб змусіць адказнага пакупніка да выбару менавіта іх прадукту. Гэта з’ява нават мае сваю назву: грынвошынг – наўмыснае пазіцыянаванне сваёй кампаніі ці прадукту як экалагічнага без дастатковых на гэта падстаў. І больш за тое, такія сродкі часта могуць каштаваць даражэй за іншыя.

Спецыялістка па экадружалюбным ладзе жыцця Дар’я Чумакова пералічыла для DownShifter.by прыкметы грынвошынгу:

  • Калі на ўпакоўцы вы бачыце надпісы eco, bio, organic, «100% біяраскладальны», «бяспечны для прыроды», «клапоцімся пра навакольнае асяроддзе».
  • Калі ўпакоўка выканана ў прыглушаных зялёных колерах, складаецца з крафту – неадбеленай паперы, – усё гэта асацыіруецца ў нас з больш натуральнымі таварамі.

Але гэта зусім не значыць, што ўнутры сапраўды будуць натуральныя кампаненты.

«Сродак не ўтрымлівае фасфату» – што гэта значыць?

Напрыклад, на ўпакоўцы можа быць напісана, што сродак не ўтрымлівае фасфатаў, сіліконаў, хаця для гэтага сродку ў прынцыпе не характэрна іх утрыманне.

Часта вытворцы пральных парашкоў пішуць на цэтліку спераду, што сродак не ўтрымлівае фасфатаў. Але калі прачытаць склад, то можна пабачыць, што там утрымліваюцца фасфанаты, блізкія рэчывы, якія выклікаюць такую ж праблему, як і фасфаты: празмернае квітненне вадаёмаў.

Ды нават надпіс «для дзяцей» не заўсёды азначае, што сродак бяспечны. Таму спажывальнікам трэба быць дастаткова ўважлівымі, каб не трапіцца на такія хітрыкі.

«‎Для гэтага дзейнічае адно залатое правіла, яно называецца “правіла складу”, – дзеліцца Дар’я Чумакова. – Гэта значыць, што трэба выпрацаваць звычку чытання складаў, нягледзячы на тое, што нам цяжка, тэкст напісаны маленькімі літарамі, мы нічога не разумеем. У складзе – і толькі ў складзе! – мы можам знайсці інфармацыю пра тое, ці сапраўды перад намі той сродак, які мы хочам купіць, або перад намі падман і вельмі добрая праца маркетолагаў».

Ок, а як зразумець, што перад намі сапраўды экафрэндлі-сродак?

Сапраўдная экамаркіроўка абазначае, што трэцім незалежным бокам (не вытворцам і не спажыўцом) пацвярджаецца, што гэты прадукт адпавядае стандартам гэтай самай маркіроўкі.

Могуць быць больш ці менш жорсткія стандарты, але зазвычай яны кажуць пра адно і тое ж: у складзе няма пэўных крытычных інгрэдыентаў, там выкарыстаны прадукты прыроднага паходжання, атрыманыя з арганічнага земляробства.

Сертыфікаты могуць сведчыць пра біяраскладальнасць упакоўкі, адсутнасць тэставанняў на жывёлах. Аднак і тут ёсць праблема: існуе процьма псеўдаэкамаркіровак, якія змушаюць няўважлівага пакупніка да выбару пэўнага тавару. Гэта можа быць зялёны лісточак у кружочку ці нейкі надпіс у кружочку, што на самой справе не з’яўляецца зарэгістраваным сертыфікатам. Законам такая маркіроўка не забараняецца, але гаворка тут ідзе пра сумленнасць вытворцы.

Гэта экамаркіроўкі, стандартам якіх можна давяраць; іх варта запомніць

Адным словам, проста зірнуць на колер упакоўкі ці лэйбл на ёй недастаткова для таго, каб наш выбар быў больш экалагічным.

Нават у добрых і дарагіх вытворцаў часам трапляюцца сродкі не самай лепшай якасці, а ў танных — цалкам прымальныя тавары.

Таму трэба ведаць, якія менавіта рэчывы нясуць патэнцыяльную небяспеку для нашага здароўя і навакольнага асяроддзя.

Перш за ўсё варта звяртаць увагу на маркіроўку, якая абазначае шкоднасць бытавой хіміі.



Раздражняльны. Прадукт утрымлівае таксічныя рэчывы.



Небяспечны для навакольнага асяроддзя. Можа выклікаць раздражненне і запаленні слізістых.


Шкодны. У склад могуць уваходзіць рэчывы, якія ўяўляюць пагрозу для жывых арганізмаў.


Едкі. У склад прадукту ўваходзіць шчолак ці кіслата ў вялікай канцэнтрацыі.

Таксама трэба памятаць, што кампаненты ў складзе сродку заўсёды пералічаны ў парадку змяншэння: інгрыдыент на першым месцы будзе дамінуючым, на апошнім – утрымлівацца ў мінімальнай колькасці.

Увага: гэта спіс рэчываў, якіх варта пазбягаць у складзе прадуктаў

Паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР), або па-руску ПАВ: уваходзяць у склад парашкоў, сродкаў для мыцця посуду. Аблягчаюць выдаленне забруджванняў.

Аніённыя ПАР могуць накаплівацца ў арганізме, калі мы мыем посуд без пальчатак ці носім памытае парашком адзенне. ПАР могуць парушаць імунітэт, павышаць алергеннасць арганізму, павялічваць усмоктванне іншых хімічных рэчываў у арганізм. Яны аказваюць сур’ёзны ўплыў на біясферу, таму што здольныя ствараць нерастваральныя плёнкі на паверхні вады, чым парушаюць газаабмен паміж вадой і атмасферай.

Выбірайце сродкі з утрыманнем аніённых ПАР менш за 5%. Аддавайце перавагу неінагенным ці прыродным ПАР.

Поліфасфаты (фасфаты, фасфанаты): дадаюцца ў пральныя парашкі ды іншыя сродкі для зніжэння жорсткасці вады.

Поліфасфаты здольныя выклікаць алергічныя рэакцыі, парушаюць бар’ерныя функцыі скуры і вельмі моцна шкодзяць навакольнаму асяроддзю: трапляючы ў вадаёмы, яны выклікаюць празмернае размнажэнне водарасцяў і як вынік – квітненне вады. Гэта прыводзіць да гібелі водных насельнікаў. Пагаршаецца якасць пітной вады.

У краінах Еўрасаюза фасфаты забаронены ў парашках з 2013 года, у сродках для мыцця посуду – з 2015-га.

Шукайце сродкі, дзе ўтрыманне поліфасфатаў меншае за 5%. Фасфаты можна замяніць на цэаліты ці полікарбаксілаты – прыродныя змякчальнікі вады.

Злучэнні хлору: дадаюцца ў адбельвальнікі і ачышчальныя сродкі. Могуць стаць прычынай захворванняў сасудзістай сістэмы, спрыяць узнікненню атэрасклерозу, анеміі, гіпертаніі, адмоўна ўплываць на стан скуры і валасоў. Павялічваюць рызыку алергіі і ракавых захворванняў. У краінах ЕС большасць злучэнняў, якія ўтрымліваюць хлор, забаронены для выкарыстання з 1987 года.

Варта выбіраць сродкі на аснове чацвярцічна-амоніевых злучэнняў, трацічных амінаў, альдэгідаў і полігуанідаў альбо сродкі на аснове соды ці мармуровых дробак.

Аптычныя адбельвальнікі, якія дадаюцца, адпаведна, у адбельвальнікі. Даказанай шкоднасці няма, але само рэчыва баластнае.

Яно пераламляе ўльтрафіялетавае святло так, што здаецца, нібыта рэч становіцца белай. У рэчаіснасці яна такой не становіцца. Важна, каб рэчы пасля прання сапраўды сталі чыстымі, а не проста здаваліся такімі.

Выбірайце адбельвальныя сродкі на аснове атамарнага кіслароду.

Лятучыя арганічныя рэчывы: бутан, ізабутан, фармальдэгід, нафтавыя дыстыляты, бензанат натрыя, нітрыт натрыя. Уваходзяць у склад аэразоляў. Здольныя выклікаць алергічныя рэакцыі, прыводзяць да развіцця бранхіяльнай астмы, узнікнення галаўных боляў і дэпрэсіі. Некаторыя злучэнні могуць выклікаць мутацыю ДНК.

Нітрабензол: уваходзіць у склад паліроляў для падлогі і мэблі. Лёгка ўпітваецца праз скуру. Прыводзіць да кіслароднага галадання тканак.

Аміяк: уваходзіць у склад сродкаў для мыцця вокнаў. Можа раздражняць слізістыя абалонкі, выклікаць апёкі, разлады стрававання, часовае спыненне дыхання і ацёк верхніх дыхальных шляхоў.

Зручны кішэнны буклет-шпаргалку з пералікам шкодных рэчываў вы можаце знайсці тут.

Калі я бачу гэтыя рэчывы ў складзе мыйнага сродку – усё, гамон?

Не. Дар’я Чумакова падрэкслівае, што пры наяўнасці ў сродку нейкіх рэчываў са спіса нельга казаць, што перад вамі стоадсоткава небяспечны сродак. Гаворка заўсёды ідзе пра патэнцыяльную небяспеку. Гэта значыць, што пры доўгатэрміновым выкарыстанні гэта рэчыва можа нанесці шкоду вам і навакольнаму асяроддзю.

Можна да скону вывучаць склады сродкаў і спрабаваць замяняць іх натуральнымі інгрыдыентамі, але можна проста выкрэсліць са свайго жыцця лішнія сродкі – і здароўю лепей, і клопату менш.

Пры гэтым наіўна думаць, што магчыма цалкам адмовіцца ад бытавой хіміі. Верагодна, нехта можа і так, але для менш радыкальных людзей ёсць іншае выйсце – вызначыць для сябе мінімальную колькасць сродкаў, без якіх не абысціся, і замяніць іх на бяспечныя для здароўя і навакольнага асяроддзя.

Фота: DownShifter.by.

поделиться