Адметныя. Кнігарня “Логвінаў” – якім стане галоўнае кніжнае месца Мінска пасля рамонту

Адметныя. Кнігарня “Логвінаў” – якім стане галоўнае кніжнае месца Мінска пасля рамонту
Мы працягваем рубрыку “Адметныя” пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння расказваем, што будзе з кнігарняй Логвінаў” ужо праз паўмесяцы.

Мы працягваем рубрыку “Адметныя” пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння расказваем, што будзе з кнігарняй Логвінаў” ужо праз паўмесяцы.

“Логвінаў” – гэта не бізнес, а культурны праект”, – кажуць нашы героі. Ніхто і не стане спрачацца, што “Кнігарня” патрэбна нашаму гораду – дзе яшчэ знойдзеш столькі кніжак на беларускай. Каб спытаць пра справы і бягучы рамонт, мы сустрэліся з заснавальнікам выдавецтва Ігарам Логвінавым і сённяшнім дырэктарам “Кнігарні” Яўгенам Ціханавым.

Сустрэча пачалася вельмі міла: я прыйшла крыху раней і бадзялася па калідорах будынку на праспекце Незалежнасці, 37а. На вуліцы бабуля-прыбіральшчыца збірала лісце ды смецце. Хлопец на лесвіцы павітаўся з ёй і прапанаваў дапамагчы – аднёс на сметнік няцяжкі пакет. Потым мы пазнаем адзін аднаго, бо дамаўляліся на сустрэчу праз Facebook. Яўген робіць гарбату, мы сядзім на ганку “Кнігарні” і абмяркоўваем план на бліжэйшую гадзіну. Прыбіральшчыца ўжо накіравалася дадому і развітваецца з Яўгенам па-беларуску.

Больш за ўсё, канешне, нас цікавіла, што новага з'явіцца ў “Кнігарні” пасля жнівеньскага рамонту. Адказ просты: тое, чаго не хапала, – прастора!

– Па фармаце гэта будзе не проста кнігарня, – бачна, што Яўген вельмі рады “перафарматаванню”. – Робім такі шоу-рум – тут будзе і выдавецтва працаваць: магчыма, нават паставім друкарскую машыну, каб чалавек бачыў увесь працэс – ад перамоў з аўтарам да выхаду кніжкі. 

Мы не да канца зразумелі, як усё зрабіць, але ў гэтым куточку вырашылі паставіць канапы і таршэры, каб кожны, хто захоча, мог адпачыць.

Прыбралі стэлаж і стол Караткевіча, бо яны займалі шмат прасторы. І вынеслі закладзеныя цэглай дзверы, цяпер можна трапіць у зону chill out з усіх бакоў. У нас была праблема з тым, што некаторыя прэзентацыі вельмі людныя і ў кнігарню было не прабіцца – будзем намагацца выправіць сітуацыю і вызваліць больш праcторы.

Пошукі прасторы на гэтым не скончыліся – аказалася, нашы героі вырашылі яшчэ і адмовіцца ад часткі кніжак! Мы вельмі здзівіліся, але і ў гэтым таксама ёсць ладная бізнес-ідэя: 

– Пакуль у нас у працэсе скарачэнне колькасці кніг – прыбралі некалькі стэлажоў і вырашылі пакінуць у краме найбольш якасныя кніжкі. У нас было каля 5 000 найменняў. Эканамічны сэнс у скарачэнні таксама ёсць: у нас каля 300 пастаўшчыкоў, з іх 90% прыбытку прыносяць каля 40. Падумалі, што не лішнім будзе скараціць дакументаабарот. То бок скарачэнне асартыменту – гэта і эканамічнае пытанне, і пытанне густу, і пытанне прасторы.

Той кут (дзе стол Караткевіча зараз) пакінем за выступоўцамі, каб пастаянна былі калонкі і мікрафон і можна было зладзіць імпрэзу ў адзін момант. Будзе Джоан Роўлінг ісці па Мінску – а мы гатовыя. Раней для прадаўцоў мы хацелі зрабіць манументальную стойку, каб яны адчувалі сябе каралямі... Але ўсё ж такі выбар перахіліўся ў бок мабільнасці і больш свабоднай прасторы. Што тут зробім, яшчэ пабачыце.

Гучыць рэлакс-музыка: то нейкі сhill оut, то Боб Марлі. Мы ходзім па невялічкай кнігарні.

– О, у вас столь уся ў зорках!

– Імёны на зорках – гэта людзі, якія дапамаглі нам сабраць грошы на штраф. (Пасля выдання скандальнага альбома “Прэс-фота Беларусі” ліцэнзія выдавецтва была скасавана. Кнігарня шэсць разоў падавалася на аднаўленне ліцэнзіі, а потым за незаконны гандаль атрымала штраф цэлых 967 мільёнаў рублёў. Яго сабралі ўсім Мінскам. – Рэд.). Іх амаль 2 000, але тут сабраныя не ўсе імёны – некаторыя захацелі застацца ананімнымі. Змаганне са штрафам адняло вельмі шмат часу, тады ідэі былі накіраваны на выжыванне. Мінчукі і замежнікі дапамагалі як маглі – мастакі нават зладзілі аўкцыён, таксама па сацсетках пайшла кампанія па выратаванні выдавецтва і кнігарні. 

Мы гэты этап прайшлі, і зараз адбываюцца вялікія змены, якіх даўно хацелі, але якія немагчыма было рабіць паступова, таму мы закрыліся на месяц. Жнівень – не сезон, самы час разабрацца з такімі справамі.

– Ну, я бачу, што пачуццё гумару вы не згубілі... 

– Так, выпусцілі індульгенцыі, і іх хутка раскупілі –засталося мала, самая дарагая была “незнание белорусского языка”. Глобус сказаў, што не будзе хадзіць у кнігарню, калі мы зробім такую індульгенцыю. Ёсць грахі, якія нельга дараваць… Ці можна, але вельмі дорага.

Наступная па папулярнасці індульгенцыя – “стаянне на эскалатары злева”.

Дарэчы, закрыліся мы не поўнасцю: калі патрэбна нейкая кніжка, можна прыйсці і купіць.

–  А інтэрнэт-крама будзе?

– І яе запускаем таксама: гэта пытанне зацягнулася, таму што ў снежні 2015 года былі ўнесены дадаткі ў закон аб падатках, паводле якога ўсе прадпрымальнікі, якія маюць інтэрнэт-краму, нават калі яна толькі зарэгістравана, вымушаны перайсці на агульную сістэму падаткаабкладання – гэта 20% замест 5%.

Матывацыя чыноўнікаў была ў тым, што сфера інтэрнет-гандлю патэнцыйна прыбытковая, таму што людзі не нясуць выдаткаў на арэнду. Але ў нас ёсць і фізічная прастора. І таму мы вырашылі рэгістраваць краму на іншую арганізацыю. Спачатку працаваць яна будзе ў Мінску, а потым плануем рассылаць кніжкі па ўсім свеце – людзі звяртаюцца. 

Пакуль мы бавілі час з Яўгенам, прыехаў і заснавальнік кніжнай справы – Ігар Логвінаў. Ён патлумачыў нам сітуацыю з перакладной літаратурай у Беларусі.

– Мы тут даведаліся, што вы не замаўляеце пераклады – перакладчыкі працуюць над тым, што ім падабаецца, і прыносяць пераклад, які, можа, і не пойдзе ў працу...

– У нас проста няма рынку, які мог бы акупіць пераклады па замове, пры гэтым у Беларусі зараз многа добрых перакладчыкаў. Гэта здорава, калі ёсць канкурэнцыя, але былі выпадкі, калі розныя перакладчыкі прапанавалі нам свой пераклад адной і той жа кніжкі. Крута для якасці – мы можам выбраць найлепшы, але не вельмі для перакладчыкаў – заўсёды існуе рызыка, што пішаш “у стол”. А мы пакуль што не маем магчымасці дзейнічаць інакш. Звычайна перакладчыкі перакладаюць на беларускую, таму што проста не могуць жыць іначай. 

Ёсць сусветны рынак перакладаў, збольшага ён падзелены на дзве часткі: англасаксонская займае 90%, з ёй мы амаль не працуем. Выданне кнігі “Байцоўскі клуб” – гэта выключэнне. Мы працуем з “малымі літаратурамі”, суразмернымі з беларускай: чэхамі, палякамі. 

– Як думаеце, продаж электронных кніг дапаможа “падняцца”?

– Роля электроннай кнігі моцна завышана, усё роўна ні адна краіна не перайшла рубеж у 37%. І гэта дакладна не наш выпадак!

Пра большасць нашых праектаў нельга гаварыць з пункту гледжання акупнасці, “Кнігарня” – гэта стыль жыцця.

Ігар доўга не сядзіць на месцы, мы вырашылі не адрываць яго ад працэсу і адпусцілі... Але без кніжных рэкамендацый сысці не маглі, і Яўген нам з радасцю дапамог.

– Якая кніга ў мінулым годзе была самай папулярнай?

– Безумоўна, Алексіевіч. Яе кніга тут прадаецца з 2013 года, але не ўвесь наклад беларускага перакладу “Час сэканд-хэнд” быў прададзены. А пасля Нобелеўскай прэміі давялося выпусціць яшчэ адзін. За гэты год – канешне, “План Бабарозы” Паўла Касцюкевіча, сямейная сага пра Мінск. Усе гісторыі не прыдуманы, іх расказваюць бабулі і дзядулі героя, фігуруюць знаёмыя кожнаму мінчуку месцы. Кожны можа сам зрабіць сабе экскурсію: чытаць і хадзіць па месцах з кніжкі.

Дзіцячыя кніжкі на белмове вельмі добра купляюць – у Беларусі ёсць вялікі дэфіцыт беларускамоўных кніжак для дзетак з якаснымі малюнкамі. Хіты продажу – серыі “Мама Му” і “Пэтсан і Фіндус”. Для старэйшых дзяцей – кнігі Януша Корчака пра Караля Мацюся.

– Кніжка, якую неабходна пачытаць, пакуль не скончылася лета?

– “Чорнае дрэва” Рышарда Капусцінскага– гэта старая кніга, пераклад з польскай. Ён быў першым карэспандэнтам у Афрыцы ад вельмі беднага агенцтва, але адзіны журналіст там ад Польшчы. І неяк без грошаў, без сувязі ён там падарожнічае, хварэе на афрыканскую ліхаманку, рызыкуе памерці. Але ён ведае, што, калі вернецца, агенцтва ўжо не зможа адправіць яго зноў у Афрыку...

– Раскажыце, якія клёвыя пісьменнікі да вас прыязджалі.

– Ну, тут будзе маё асабістае меркаванне: Этгар Керэт і Ірэна Брэжна. Кніга Ірэны Брэжны “Найлепшы з усіх светаў” выйшла ў серыі “Чэшская калекцыя”, пераклад з нямецкай. Чэшская літаратура вельмі блізкая да Беларусі. Відавочна, што ў нас няма рэсурсаў перакладаць Роўлінг – і правы на кніжку каштуюць нямала, і расійскі выдавецкі рынак задавальняе беларускага чытача. Мы можам паказаць іншую, не так вядомую літаратуру, і быць першымі ў рэгіёне. 

Кнігарня на сённяшні дзень стала такім месцам, дзе не столькі прадаюцца кнігі, колькі вядзецца дыялог пра літаратуру. Таму трансфармацыя прасторы будзе накіравана на тое, каб было зручней сустракацца з аўтарамі, размаўляць.

ВАЖНА: калі надумалі расшарыць гэты матэрыял, не забывайце пра хэштэгі: #адметныя #свае #s7mova #SamsungBelarus. Дзякуй!


РУБРЫКУ "АДМЕТНЫЯ" МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS.


Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

ООО «Самсунг Электроникс Рус Компани», ИНН 7703608910

Еще по этой теме:
Адметныя. Minsker – як рабіць класныя рэчы на любові да роднага Мінска і павазе да працавітай Індыі
Адметныя. Мы ведаем, куды вам варта паехаць на адпачынак
Адметныя. Той самы мінчанін, які завёў моду на вышымайкі
поделиться